Агляд спартовых навінаў 12.08.2016


Алімпіяда: Уладзімір Самсонаў

Магчыма нецярплівае і доўгае чаканне першага медаля, ці, нават, медалёў Беларусі на XXXI Летніх Алімпійскіх Гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра прынясе свой вынік у пятніцу, 12-га праз рэальны выхад у фінал і паспяховы выступ там нашых таленавітых скакуній на батуце Таццяны Пятрэні ды Ганны Гарчанок. А пакуль маем ганарыцца Уладзімірам Самсонавым, які, несумненна, можа называцца адным з герояў першага тыдня бразільскага фестывалю. Мянчук адзіным з еўрапейцаў трапіў у чацвёрку наймацнейшых турніру па настольным тэнісе, дзе ў свае 40 год вымушаны быў змагацца з мала таго, што азіятамі, якія вышэйшыя ў рэйтынгу, ды яшчэ тымі, хто не мае і трыццаці год ад нараджэння. Годная гульня ў абароне не стрымала агрэсіўных атак супернікаў – спачатку ў паўфінале кітайца Чжана Цзі Кэ, а затым Дзюна Мідзутані з Японіі. Паразы з аднолькавымі 1:4 у паўфінале і гульні за трэцяе месца пакінулі Самсонава па-за межамі пʼедэсталу.

Алімпіяда: Беларусь

У Самсонава чацвёртае месца – найвышэйшае на дзень пятніцы з усёй беларускай каманды. Віталь Бубновіч заняў пятае месца ў стральбе з малакалібернай вінтоўкі лежачы на дыстанцыі 50 метраў ад мішэні, Кацярына Карстан не прабілася ў галоўны фінал адзіночак у акадэмічным веславанні, але фінал будзе ў Станіслава Шчарбачэні.

Алімпіяда: Майкл Фэлпс

Майкл Фэлпс выгуляў свой 22-гі залаты медаль на Алімпійскіх гульнях, цяпер у комплексным плаванні на 200 метраў. І гэта чацвёртая запар перамога амерыканца на вышэйназванай дыстанцыі. Такім чынам у Рыа Фэлпс мае чатыры перамогі – дзве на эстафетных і дзве на індывідуальных дыстанцыях праз два гады, як абвесціў пра свой сыход з вялікага спорту.

Алімпіяда: медальны залік

ЗША рэзка скокнулі з заваяваннем золата ў чарговы дзень Алімпіяды і трывала замацаваліся на першым месцы медальнага заліку. 16 залатых пры яшчэ не закончаным першым тыдні Гульняў і 38 узнагародаў агулам – вынік сапраўды ўражвальны. У Кітаю 11 першых месцаў ды 31 медаль. Трэцяе месца ўтрымлівае Японія з 7 перамогамі і 22 п’едэсталамі.

Фота – rio2016.com