Агляд спартовых навінаў


Футбол

Следам за зборнаю Чылі другім фіналістам Кубка канфедэрацыяў сталі дзейныя чэмпіёны свету каманда Нямеччыны. Лёс сустрэчы супраць Мексікі на сочынскім стадыёне «Фішт» ужо прадвызначылі першыя хвіліны: у самым дэбюце немцам удалося злавіць мексіканцаў на парачцы памылак, якія сталі фатальныя для апошніх.

Сталічнае «Дынама» з перамогі распачало двухраўндавую дуэль у першым коле кваліфікацыі Лігі Еўропы. На сталічным стадыёне «Трактар» калектыў Сяргея Гурэнкі толькі з мінімальнаю перавагай, 2:1, быў мацнейшы за клуб «Рунавуйк» з Фарэрскіх выспаў, які складаецца з аматараў.

Тым часам свой першы матч адборачнага турніру Лігі Еўропы правёў і лідар турнірай табліцы нашага першынства салігорскі «Шахцёр». Гарнякі ў Салігорску прымалі літоўскі клуб «Судува». Хоць, на меркаванне букмекераў, нашыя «Дынама» і «Шахцёр» лічацца фаварытамі ў парах, аднак як па гульні, гэтак і па ліку пра таго не скажаш. Літоўцы, не звяртаючы ўвагі, што гуляюць у гасцях прадэманстравалі футбол добрай якасці.

Тэніс

Адразу тры беларускія тэнісісткі возьмуць удзел у асноўным раўндзе адзіночнага разраду турніру серыі «Вялікага шлема» «Ўімблдану». Вікторыя Азаранка, адпаведна лёсаванню, якое адбылося сёння ў першым коле паспрачаецца з амерыканкаю Кэтрын Бэліс. Аляксандра Сасновіч на кортах Усеанглійскага лаўн-тэніснага клубу паспрачаецца з прадстаўніцаю Латвіі Аленай Астапенка. І, нарэшце, сёння нашая Арына Сабаленка, якая ўпершыню у сваёй кар’еры прымае ўдзел на «Ўімблдоне», пераадолела яго трэцяе кола кваліфікацыі, разграміўшы амерыканку Крысці Ан у двух сэтах з аднолькавымі 6:1.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Carl Recine / Reuters / Forum