Аб'ектыў 23.06.2017 Агляд спартовых навінаў


Хакей

Звольніўшы ўсіх асістэнтаў, якіх галоўны трэнер менскага хакейнага «Дынама» Крэйґ Уўдкрафт асабіста запрашаў перад пачаткам мінулага сезону Кантынентальнай хакейнай лігі, кіраўніцтва клубу ў асобе генеральнага дырэктара Анатоля Курыльца тым не меней здзівілася, што і сам Уўдкрафт пастанавіў развітацца з «Дынама». Прычым калі скасаванне кантрактаў з памочнікамі канадца і ягонымі суайчыннікамі Робам Дэйвісанам і Ронам Пэска, а таксама трэнерам па фізічным рыхтаванні Крыстыянам Скарфагенам падвялі пад заканчэнне тэрміну дамоўленасці ды вельмі суха, без называння нават імёнаў адмыслоўцаў, паведамілі пра гэта на афіцыйным сайце хакейнага клубу «Дынама» (Менск), то Ўудкрафт сам адмовіўся працягваць пагадненне, якое яшчэ дзеяла. А цяпер, як паведамляецца, мяркуе працаваць у Швейцарыі, узначаліўшы «Жэнева-Сэрвэт». Кіраўніцтву клубу «Дынама» (Менск) удалося развітацца з Ўудкрафтам яшчэ і без выплаты выхадной дапамогі, ашчадзіўшы нават на гэтай законнай рэчы.

Тэніс

Вікторыя Азаранка значна пераацаніла свае сілы, вярнуўшыся на корт раней, чым планавала. І выдаткаваўшы шмат энергіі на пераможны двубой супраць японкі О́дзакі ў першым раўндзе «Маллёрка Оўпэн», амаль без супраціву здала матч юнай харватцы А́не Конюх 1:6, 2:6 за гадзіну і 12 хвілінаў. 19-гадовая балканка, сеяная тут сёмаю, у пятніцу гуляла чвэрцьфінал супраць іншай дзяўчыны, што раскрылася апошнім часам – Анастасіі Сэваставай з Латвіі, якой, праўда, ужо 27, і яна сеяная другою ў Маллёрцы. Менавіта СЭвастава стала паўфіналісткаю з гэтай пары, адолеўшы харватку 7:5, 1:6, 7:6.

Шахматы

Камандныя чэмпіянаты свету па шахматах пад эгідаю Міжнароднай шахматнай федэрацыі ФІДЭ праводзяцца для мужчынаў ад 1985 года, а для жанчын – ад 2007-га кожныя два гады. У іх бяруць удзел 10 наймацнейшых зборных свету, якія адбіраюцца згодна з вынікамі шахматных алімпіядаў і камандных кантынентальных першынстваў. Сёлета да турніру ў расейскім Ханты-Мансійску ўпершыню дапушчаная Беларусь. Праўда, пакуль толькі мужчынскай зборнаю, у складзе якой Уладзіслаў Кавалёў, Сяргей Жыгалка, Аляксей Фёдараў, Аляксей Аляксандраў, Кірыл Ступак. Капітан дружыны – Юрый Борсук. Дэбютанты трымаюцца сціпла. У першым раўндзе саступілі фаварыту – Кітаю – палова на тры з паловаю пункты. У другім завяршылі ўнічыю, 2:2, спатканне з Украінаю. А затым зноў прагулялі, пацярпеўшы паразу ад Індыі, паўтара на два з паловаю пункты. У чацвёртым матчы былі слабейшыя за Расею — 1:3, а ў пятым раўндзе яшчэ адна нічыя, 2:2, з дружынаю ЗША. І вось сёння ўпершыню здабылі перамогу, нанёсшы паразу дружыне Нарвегіі з лікам 3,5 на паўпункту.

 

 

Глядзі таксама
Каментары