Агляд спартовых навінаў 11.03.2016


Хакей

Гарадзенскі «Нёман» зраўняў лік у паўфінальнай серыі экстралігі чэмпіянату краіны па хакеі: цяпер – нічыя, 1:1. На лёдзе «Чыжоўка-арэны» асноўны час паміж сталічным «Юнацтвам» і «Нёмнам» скончыўся з лічбамі 2:2 на табло.

Футбол

У футбольнай Лізе Еўропы згулялі першыя матчы 1/8 фіналу. У англійскім дэрбі «Ліверпул» на сваім полі ўпэўнена перамог «Манчэстэр Юнайтэд» 2:0. Адразу з пенальці вызначыўся Старыдж, таксама гол на рахунку Фірміну.

Тэніс

На кортах у амерыканскім Індыян-Ўэлзе стартаваў буйны тэнісны турнір серыі «Мастэрз» «Парыба Оўпэн», прызавыя якога – крыху больш за 6 мільёнаў долараў. Не змагла пераадолець яго першага кола Вольга Гаварцова. Беларуска 1:6, 3:6 саступіла расяянцы Маргарыце Гаспаран. Вікторыя Азаранка распачне свой выступ з другога раўнду, а ейнаю суперніцаю будзе Зарына Дыяс з Казахстану.

Біятлон

Чарговы дзень чэмпіянату свету па біятлоне ў нарвежскім Гольмэнколене не прынёс станоўчых эмоцыяў беларускім заўзятарам. Наш квартэт у складзе Скардзіны, Юркевіч, Дубарэзавай і Крыўко праваліў эстафетную гонку. Мы скарысталіся дзесяццю дадатковымі патронамі, атрымалі тры штрафныя колы ды фінішавалі ажно на 18-м радку з 23-х камандаў. Перамаглі гаспадыні першынства, нарвежкі. Срэбра – у Францыі, замкнулі тройку немкі. На заўтра запланаваная мужчынская эстафета.