Аб'ектыў 11.06.2017 Агляд спартовых навінаў


Формула-1

Рэйсэр каманды «Мэрсэдэс» Льюіс Гэмілтан выгуляў кваліфікацыю «Гран-пры Канады», а яшчэ ўстанавіў новы рэкорд трасы ў Манрэалі, праехаўшы найхутчэйшае кола за адну хвіліну 11 цэлых і 459 тысячных секунды. Стаўшы уладальнікам гэтага поўлу, Льюіс Гэмілтан зраўняўся ў колькасці выгуляных кваліфікацыйных заездаў з легендарным рэйсэрам Айртанам Сэнай. Пасля гонкі яго чакаў сюрпрыз: сям’я Сэны паднесла яму шлем вялікага бразільца – спачатку копію, а арыгінал ён атрымае пазней.

«Я вельмі рады і хацеў бы падзякаваць канадскай публіцы – менавіта яна стварае непаўторную атмасферу гэтага «Гран Пры». Проста неверагодна, што ў Манрэалі поспех заўсёды на маім баку. У мяне проста няма словаў, бо Айртан быў маім кумірам, ён натхніў мяне стаць тым, хто я цяпер. Зраўняцца з ім паводле ліку поўлаў і атрымаць гэты шлем – вялікі гонар! Дзякуй сям’і Сэны і ўсім, хто сабраўся сёння на трыбунах».

Больш за тры дзясятыя Гэмілтан «прывёз» Фэтэлю і падзеліць з галоўным супернікам у чэмпіянаце першы шэраг стартавай рашоткі «Гран-пры Канады». Ззаду двух асноўных рэйсэраў размясціліся Вальтэры Ботас з «Мэрсэдэсу» і Кімі Рэйкёнэн з «Фэрары», так што ў гонцы заўзятараў зноў чакае шчыльная барацьба чатырох пілотаў. У асабістым заліку Формулы лідаруе Фэтэль, які мае 129 балаў, на 25 менш у Гэмілтана, замыкае тройку Ботас – у яго 75 пунктаў. У Кубку канструктараў лідарства захапіла «Фэрары», далей размясціліся такія стайні, як «Мэрсэдэс» і «Рэд Бул». Самое «Гран-пры» працягваецца ў гэтыя хвіліны, а пра вынікі мы паведамім у нашых наступных спартовых навінах на «Белсаце».

Матагонкі

Працягваецца барацьба за агульны залік і ў мотагонках. Рэйсэр каманды «Дукаці» Андрэа ДавіцЁзо, які на мінулым тыдні першынстваваў на «Гран-пры Італіі», сёння зноў пакінуў за спінаю ўсіх сваіх апанентаў і святкаваў вікторыю на сёмым этапе чэмпіянату свету ў класе «Мота Джы Пі» «Гран-пры Каталоніі». Яно прайшло ў складаных умовах надвор’я, да моманту старту тэмпература паветра ў Барсэлоне ўзнялася вышэй за 40 градусаў цэльсія, а асфальт прагрэўся нават вышэй за 50. Італьянец добра правёў старт і з пачатку заезду быў у групе лідараў. У другой палове гонкі ён паступова выйшаў на другую пазіцыю, а затым пасля некалькіх спробаў апярэдзіў лідара пелетону Дані Педросу. Далей Давіцёзо нарасціў сваю перавагу да адной секунды і давёў гонку да перамогі. Другім фінішаваў Марк Маркес на «Хондзе», трэці радок у ягонага партнёра з каманды Дані Пэдросы.

Футбол

Матч паміж дзейным чэмпіёнам свету зборнай Нямеччыны і нацыянальнаю камандай з карлікавай дзяржавы Сан-Марына ў межах кваліфікацыі да чэмпіянату свету – 2018, які пройдзе ў наступным годзе ў Расеі, не хаваў у сабе ніякай інтрыгі. Адзінае пытанне заключалася толькі ў тым, колькі ў выніку мячоў забе каманда Ёахіма Лёва. У выніку немцы адгрузілі суперніку 7 галоў, сваю браму пакінулі ў недатыкальнасці. Дружына з Нямеччыны ўпэўнена лідаруе ў групе С, атрымаўшы 5 перамогаў у 5 матчах. На другім радку, маючы 13 балаў, калектыў Паўночнай Ірландыі, які з мінімальнымі 1:0 быў мацнейшы за Азербайджан. Яшчэ ў адным матчы гэтага сэкстэту нарвежцы і чэхі разышліся мірам 1:1.

 

Фота – REUTERS/Chris Wattie

Глядзі таксама
Каментары