Агляд спартовых навінаў 09.08.2016


Алімпіяда: Беларусь

У трэці афіцыйны дзень Алімпійскіх Гульняў-2016 Ілля Чаргейка ўсталяваў новы максімум беларускай зборнай і набыў балы ў агульнакамандны залік. У фінале стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі на дыстанцыі 10 метраў мянчук заняў шостае месца. Уладзімір Самсонаў прабіўся ў чвэрцьфінал турніру па настольным тэнісе, а Вікторыя Паўловіч выбыла з далейшае барацьбы ў 1/16-й.

Алімпіяда: ЗША

Медальны залік па-ранейшаму ачольвае ЗША з 19-цю ўзнагародамі: 5 залатых, па сем срэбра і бронзы. Не адстае ў якасці і Кітай, у якога таксама 5 першых месцаў, але агулам толькі трынаццаць пʼедэсталаў. Чатыры перамогі на рахунку Аўстраліі. Яна мае, акрамя гэтага, пакуль толькі тры бронзавыя медалі.

Футбол

17-ы тур чэмпіянату Беларусі па футболе ў найвышэйшай лізе скончыўся цэнтральным двубоем «Шахцёр» (Салігорск) – БАТЭ (Барысаў). Як прызналіся трэнеры пасля сустрэчы, гаспадары не думалі гэтак хутка прапусціць, а госці не верылі, што ўдасца гэтак імкліва правесці нават два мячы. Абодва галы на рахунку Віталя Радзівонава – на шостай і восьмай хвілінах. Чэмпіён перамог 2:0 і набраў 41 пункт. У найбліжэйшых пераследнікаў – «Крумкачоў» і таго ж «Шахцёра» – па 28 набраных. Яшчэ на пункт меней у «Іслачы» з Менскага раёну ды сталічнага «Дынама», якое яшчэ мае матч у запасе. 18-ы тур налічвае некалькі найбольш прыцягальных афішаў. 12-га жніўня «Крумкачы» прымуць «Іслач», БАТЭ ў Барысаве згуляе з «Менскам», а «Дынама» (Менск) на сваім полі сустрэнецца з «Шахцёрам».

Фота – Getty Images / Laurence Griffiths