Агляд спартовых навінаў 08.01.2017


Біятлон

Двайным поспехам нямецкіх біятланістаў скончыўся чацвёрты этап Кубка свету па біятлоне ў Обэргофе. Трэцяе і чацвёртае месца ў французаў. Зыман Шэмп паказаў нядрэнную хуткасць, але відавочнай ягоная перавага над пераследнікам не стала. Амаль у адны ногі з суайчыннікам бег ягоны аднагодка, толькі маладзейшы амаль на шэсць месяцаў Эрык Лесэр, і каб не крыўдны промах пры апошняй стральбе, мог узвысіцца над усімі на пʼедэстале. А так – адставанне на чатыры дзясятыя секунды пры той жа адной хібе на рубяжы, як і ў лідара. Мартэн Фуркад меў два штрафныя колы, але адстаў ад пераможцы на тыя ж чатыры дзясятыя.

Баскетбол

Няўдача ў трэцім туры Кубка ФІБА-Еўропы, калі мужчынская каманда «Цмокаў» мела магчымасць атрымаць два пункты ў выязным двубоі з французскім «Нантэрам», але змазала канцоўку, з геаметрычнай прагрэсіяй разраслася ў двубоі Адзінай Лігі ВТБ з маскоўскім ЦСКА. Гэтым разам – на «Менск-Арэне».

Тэніс

Некалькі стартавых сёлета турніраў Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў завяршыліся на розных кантынентах. У аўстралійскім Брысбане балгарын Грыгор Дымітраў, сеяны сёмым, узяў свой першы тытул за апошнія два з паловаю гады, перагуляўшы ў фінале японца Кэя Нісікоры.