Агляд спартовых навінаў 06.24.2016


Гандбол

Мужчынская зборная Беларусі даведалася пра сваіх супернікаў на фінальнай стадыі чэмпіянату свету па гандболе, што прыме ў студзені Францыя. Мы трапілі ў групу С разам з камандамі Нямеччыны, Харватыі, Вугоршчыны, Чылі і Саудаўскай Аравіі. А сёння ўжо адбылося лёсаванне, адпаведна якому мы распачнём турнір 13-га студзеня ў Руане з чылійцамі, а скончым двубоем з вугорцамі 20-га.

Тэніс

Дзве нашыя суайчынніцы згуляюць у асноўным раўндзе турніру серыі «Вялікага шлема» «Ўімблдан», які распачне свой турнірны шлях ужо ў панядзелак на травяных кортах Усеанглійскага клубу лон-тэнісу. Прызавы фонд сёлетняга «Ўімблдану» павялічаны на 5 % і складзе рэкордную суму – $ 41 млн.

Хакей

Хакейны клуб «Берасце» у наступным сезоне не возьме ўдзелу ў Экстралізе чэмпіянату краіны. Прычына даволі распаўсюджаная – адсутнасць фінансавання. Вынікаў у каманды ў першынстве няма, ёсць вялікія запазычанасці ў заробку. Паводле начальніка Упраўлення спорту і турызму Берасцейскага аблвыканкаму Мікалая Глушэні, у федэрацыю хакею нашае краіны быў скіраваны ліст з адпаведнаю заявай пра зняцце з турніру.