Агляд спартовых навінаў 05.08.2016


Футбол

Два беларускія футбольныя клубы скончылі свой сёлетні выступ на міжнароднай арэне. Непераадольным для іх выявіўся трэці раўнд кваліфікацыі Лігі Еўропы. Сталічнае «Дынама» пасля нічыёй, 1:1 у гасцях з сербскай «Вайводынай» – у матчы ў адказ у Берасці саступіла 0:1.

На гэтай жа стадыі скончыла свой выступ і «Тарпеда-БелАЗ». У Жодзіне яны разышліся мірам, 0:0, з аўстрыйскім «Рапідам», а ўжо на выездзе дружына Ігара Крывушэнкі зазнала буйную паразу – 0:3.

Алімпіяда

Следам за жаночым турнірам узялі старт і мужчынскія спаборніцтвы па футболу на летняй Алімпіядзе ў Рыа. Самыя выніковыя матчы былі зафіксаваныя ў дзвюх групах. У квартэце Б Нігерыя і Японія накалацілі на дваіх 9 мячоў, тут з лікам 5:4 перамога японсікх футбалістаў.

Яшчэ ў адным двубоі Швецыя і Калумбія згулялі ўнічыю, 2:2. З такім жа лікам у квартэце Ц разышліся Партугалія і Аргентына, а Паўднёвая Карэя паздзекаваліся з Фіджы – 8:0. Дарэчы, першая палова гэтай сустрэчы не прадказвала такога зыходу і скончылася са сціплымі 1:0, а на другую палову футбалістаў Фіджы ўжо не хапіла.

Хакей

У сталіцы Расеі праходзіць міжнародны хакейны турнір Кубак Аркадзія Чарнышова. Бяруць у ім удзел і менскія «дынамаўцы», аднак стартавы двубой на гэтых спаборніцтвах «зубры» прагулялі сваім аднаклубнікам з Масквы 3:4. Шайбы ў нашым складзе закінулі Мэт Элісан, Крыстыян Хэнкель і Артур Гаўрус. Наступны матч мы правядзём ужо заўтра, а супернікам будзе маскоўскі «Спартак». Безумоўна, на гэтай стадыі вынік не грае ключавой ролі, галоўная мэта турніру – падрыхтавацца да новага сезону КХЛ, адпрацаваць новыя схемы і даць шанец праявіць сябе кожнаму хакеісту, незалежна ад таго, у якой пяцёрцы ён выходзіць на лёд.

Фота – hotsport.rs