Агляд спартовых навінаў 04.08.2016


Алімпіяда

Да ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Алімпіяды ў Рыа застаецца крыху больш за содні, аднак футбольны турнір жаночыя зборныя ўжо распачалі. Гаспадыні спартовага форуму ў сваім стартавым матчы групавога этапу на алімпійскім стадыёне Жуана Авэлянжэ ўпэўнена перамаглі дзяўчат з Паднябеснай 3:0. Самы буйны лік быў зафіксаваны ў сустрэчы паміж Зімбабвэ і Нямеччынаю, тут еўрапейкі разграмілі апанентак 6:1. Таксама шмат мячоў забілі ў двубоі Францыя – Калумбія, вынік – 4:0, вікторыя «трохкаляровых».

Хакей

Сталічны хакейны клуб «Юнацтва» працягвае ўзмацняць свой склад. Сёння стала вядома, што кантракт з клубам працягнуў цэнтральны нападнік Дэньел Корса, які ўжо прыступіў да трэнінгавых заняткаў. Натуралізаваны 38-гадовы форвард правядзе ў «Юнацтве» трэці сезон, а ў двух папярэдніх ён заваяваў з камандаю залатыя і срэбныя медалі чэмпіянату краіны, а таксама выгуляў Кубак Салея. За мінулы сезон Корса правёў у экстралізе 28 матчаў, у якіх закінуў 12 шайбаў і зрабіў 15 галявых пасоў. Адзначу, што ў карʼеры Дэньеля значыцца выступ у НХЛ за «Сэйнт-Луіс», а таксама КХЛ, дзе ён абараняў колеры «Тарпеда» з Ніжняга Ноўгараду, ну і, несумненна, менскага «Дынама».

Фота – olympic.org/rio-2016