Агляд спартовых навінаў 02.09.2016


Хакей

Хакейная зборная Беларусі выгуляла самы важкі двубой у алімпійскай кваліфікацыі. Пры аншлагу на «Менск-арэне» каманда Дэйва Льюіса, саступаючы 0:1 Даніі, у выніку перамагла суперніка з буйнымі 5:3. Аднак пачыналася для нас не гэтак радасна: ужо на трэцяй хвіліне двубою лік адкрыў Нікляс Енсэн. Аднак яшчэ да першага перапынку мы здолелі не толькі адгуляцца, але і выйсці наперад. Вызначыліся Паўловіч і Волкаў, прычым апошні закідваў, калі мы былі ў меншасці. Далей іхны пачын падтрымалі Стась і Касціцын, прычым Сяргей адную са сваіх шайбаў паслаў ужо ў пустую браму апанента. Яшчэ ў адным матчы групы Д Славенія разграміла палякаў 6:1. Менавіта наступным супернікам беларусаў і будуць нашыя суседзі, а скончым барацьбу за адзіную пуцёўку ў Пхёнчханг у нядзелю сустрэчай са славенцамі.

Тэніс

Першая ракетка свету Серына Ўільямз – у трэцім коле «US Open». Амерыканка ў двух сэтах з аднолькавым 6: 3 разабралася са сваёй суайчынніцаю Вэньяй Кінг. Усяго крыху больш як за гадзіну Серына запісала ў свой актыў тры брэйкі, 13 эйсаў і двойчы памылялася пры падачы. У асабістым супрацьстаянні спартовак Ўільямз вядзе ў ліку 2:0. Дзякуючы гэтай вікторыі амерыканка паўтарыла рэкорд Марціны Наўрацілавай у колькасці перамог на мэйджарах, якіх стала ўжо 306. Наступнаю суперніцаю Серыны будзе шведка Ёганна Лярсан, якая выбіла з барацьбы чэшку Дэнісу Алертаву 6: 3, 6:1.

У мужчынскім адзіночным разрадзе крочыць далей Эндзі Мары. Брытанец у другім коле нанёс паразу 6:4, 6:1, 6:4 іспанцу Марсэлу Гранулеру, які на 45-ым радку ў сусветным спісе Асацыяцыі. Тут спартоўцы правялі на корце дзве гадзіны і 25 хвілінаў, за якія пераможцу ўдалося выканаць 5 эйсаў, таксама Эндзі 4 разы браў падачу суперніка і здзейсніў тры падвойныя памылкі. Наступным ягоным апанентам будзе італьянец Паўлё Лёрэнцы. Цікавы факт, што Мары стаў пятым тэнісістам у гісторыі, які пераадолеў адзнаку $ 50 млн. толькі прызавых за кар’еру. Раней гэтага дасягнення дабіваліся Джокавіч, Фэдэрэр, Сэрына Ўільямз і Надаль.

Футбол

Льёнэль Мэсі забівае – Аргентына выгульвае. Пасля апошняга фіналу «Копа Амерыка», у якім «Альбісэлестэс» зазнала крыўдную паразу ад зборнай Чылі. Адзін з найлепшых гульцоў сучаснасці, лідар «Барсэлоны» ды аргентынскай каманды Льёнэль Мэсі заявіў, што завяршае выступы ў футболцы нацыянальнае каманды. Аднак вярнуўся ды адразу вызначыўся ўзяццем брамы, якое прынесла перамогу ягонай камандзе над Уругваем. Гэтая сустрэча адбылася ў межах адбору на чэмпіянат свету–2018. Адзначу, што аргентынцы другі тайм правялі ў колькаснай меншасці пасля таго, як быў выдалены нападнік Паўлё Дыбаля за дзве жоўтыя карткі. Цяпер Аргентына набрала 14 балаў і выйшла на першае месца ў групе Б, на рахунку Уругвая па-ранейшаму засталося 13 пунктаў.

Фота ria.ru