Агляд спартовы навінаў 08.07.2016


Тэніс

Аліна Талай стала ўладальніцаю срэбнага медаля на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы, што праходзіць у Амстэрдаме. У паўфінальным забегу на 100 метраў з бар’ерамі беларуска паказала найлепшы час сярод усіх – 12,76 секунды. Аднак у фінале Аліна ўжо дабавіла ў хуткасці, але крыху змазала праходжанне апошняга бар’еру і ўжо на самым фінішы прайграла першы радок, паказаўшы вынік 12,68. Золата заваявала немка Сіндзі Роледэр, бронза – у Тыфані Портэр з Вялікай Брытаніі. Дзве іншыя беларускі ў васьмёрку наймацнейшых не трапілі. Кацярына Паплаўская ды Эльвіра Герман скончылі свой выступ на паўфінальнай стадыі.

Футбол

Партугалія–Францыя, менавіта гэтак будзе выглядаць афіша фінальнага двубою «Еўра-2016». Гаспадары турніру ў ½-ой спынілі нямецкую машыну, ды яшчэ як – забіўшы «бундэстыму» два безадказныя галы. Ужо ў дабаўлены арбітрам час да першага тайму Антуан Грызман з пенальці лік адкрыў, а на 72 хвіліне ён жа зрабіў дубль. Ёахім Леў і ягоная дружына, галоўныя фаварыты турніру, пакінулі першынство. Дзейны чэмпіён свету не здолеў заваяваць яшчэ аднаго тытулу, ужо тут, на сваім кантыненце, а ў нядзелю яго аспрэчаць менавіта партугальцы і французы.

Ліга Еўропы

Два беларускія клубы ўпэўнена пераадолелі першае кола кваліфікацыі футбольнае лігі Еўропы. Менскае «Дынама» пасля хатняе вікторыі над латвійскім «Спартаком» 2:1 у матчы ў адказ у Юрмале ўжо святкавала сухую перамогу 2:0. На 11 хвіліне гол забіў Уладзімір Хвашчынскі, а ўжо ў кампенсаваны арбітрам час двубою вызначыўся лівійскі легіянер каманды Вука Рашавіча абаронца Абдусалям Мунір. У наступным коле «бела-блакітныя» згуляюць з ірландскім «Сэнт-Патрыксам». Два апошніх сезоны «Дынама» паспяхова пераадольвала кваліфікацыю і дабіралася да групавога этапу лігі Еўропы.

Салігорскаму «Шахцёру» ў першым раўндзе групавога этапу ў апаненты дастаўся фарэрскі «Рунавік». На выездзе «гарнякі» даволі ўпэўнена правялі сустрэчу і нанеслі паразу гападарам 2:0, што прыбаўляла аптымізму перад матчам у адказ. Аднак у Салігорску «Шахцёр» і не думаў гуляць на ўтрыманне здавальняльнага ліку, а паказаў яскравы футбол, які выліўся ў разгром «Рунавуйка» 5:0. У другім раўндзе кваліфікацыі, які адбудзецца 14- і 20 ліпеня, паспрачаецца са славенскім клубам «Дамжале». З гэтага ж кола ў барацьбу ўступіць і ўладальнік Кубка Беларусі жодзінскі «Тарпеда-БелАЗ», што двойчы згуляе з вугосркім клубам «Дэбрэцэн».