Агітацыя з абмежаваннямі


14 ліпеня заканчваецца перыяд рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Беларусі. Пасля гэтага гэтага моманту пачнецца перыяд агітацыі. У якіх умовах гэта будзе адбывацца?

Закінутая сцэна, вузкія сцежкі і вялізныя лужы – менавіта так выглядае адная з пляцовак для агітацыі за кандыдатаў на прэзідэнцтва ў Віцебску. Гэтае месца называецца Паркам культуры і адпачынку чыгуначнікаў ды асабліваю папулярнасцю сярод віцяблянаў не карыстаецца. Усяго гарадскія ўлады вызначылі тры месцы, дзе дазволена ладзіць вулічную перадвыбарчую агітацыю. Усе гэтыя пляцоўкі – гарадскія паркі. Яшчэ два – гэта парк Мазурына на ўскрайку гораду і парк імя 30-цігоддзя ВЛКСМ.

«Тыя месцы, якія вылучаныя для агітацыі, яны невядомыя нават чальцам камісіяў, бо я задала пытанне: вы ведаеце, дзе знаходзіцца парк ВЛКСМ? Яны не ведаюць гэтага. Транспарту няма, незразумела, з якога боку ўваход, і ў прынцыпе тэхнічныя магчымасці абмежаваныя», – каментуе сітуацыю «Belsat.eu» Ірына Траццякова, назіральніца кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

У параўнанні з папярэдняю прэзідэнцкаю кампаніяй колькасць пляцовак для агітацыі за кандыдатаў на прэзідэнцтва ў Віцебску істотна зменшылася: у 2015 годзе іх было 20. Аналітычны аддзел кампаніі незалежнага назірання «Праваабаронцы за свабодныя выбары» правёў маніторынг па ўсёй краіне і выявіў агульнае скарачэнне месцаў для агітацыі на адкрытым паветры ў 10 разоў.

«Дзеля чаго гэта робяць улады, гэта ў прынцыпе ўсім зразумела. Дзеля таго, каб людзі мелі найменшую магчымасць глядзець на кандыдатаў, на перадвыбарчую праграму. У прынцыпе месцаў, як такіх, няма. Гэтыя тры месцы – гэта фармальна, там людзі збірацца не могуць», – дадае назіральніца Ірына Траццякова.

З такою праблемаю сутыкнуліся і жыхары Магілёва, дзе мясцовыя ўлады вызначылі ўсяго два месцы для вулічнай перадвыбарчай агітацыі. Гэта пляцоўкі перад лядовым палацам і спартовым комплексам «Алімпіец». На думку актывістаў і прадстаўнікоў ініцыятыўных груп кандыдатаў, гэтага для абласнога цэнтру замала. У пытанні павелічэння колькасці пляцовак для перадвыбарчых пікетаў на адкрытым паветры яны звярнуліся да старшыні гарвыканкаму Уладзіміра Цумарава.

«Мы хочам сказаць мэру горада пра тое, што пляцовак мае быць шмат, яны мусяць быць пажадана ў цэнтры гораду, яны мусяць быць дасяжныя і цікавыя для выбарцаў», – гаворыць Уладзімір Шанцаў, старшыня АГП у Магілёве.

Пазіцыю актывістаў падзяляюць і шмат хто з мясцовых жыхароў:

«Калі месцы два, тады людзі хутчэй за ўсё некаторыя не ўбачаць, таму месцаў павінна быць больш, я лічу».

«Трэба зрабіць месца ў цэнтры хаця б, каб паболей людзей прыйшло і змагло выказаць сваё меркаванне».

«Яўна мала, яўна мала, чым больш, тым лепш. Раз мала выдзелілі, значыць баяцца».

«Дзвюх пляцовак у любым выпадку мала, трэба прадставіць больш магчымасцяў, я лічу».

Сустрэчы з кандыдатамі ды іхнымі прадстаўнікамі могуць адбывацца таксама і на закрытых пляцоўках. Для гэтай мэты сёлета выкарыстаюць чытальныя залы бібліятэк і асобныя памяшканні ў навучальных установах. Аднак гэтыя месцы адзначаюцца нязручным графікам работы і невялікімі памерамі.

Віталь Скрыль, «Белсат»