Агітацыйная кампанія распачалася – кандыдатаў разганяюць


Агітацыйная кампанія выбараў у Палату прадстаўнікоў распачалася: па дзяржаўным радыё і тэлебачанні ідуць выступы кандыдатаў на дэпутацтва, на вуліцах гарадоў з’явіліся адмысловыя пікеты. Але не абышлося без інцыдэнтаў.

На вуліцах Менску – першыя агітацыйныя пікеты і першыя інцыдэнты: актывістам кампаніі «Еўрапейская Беларусь» загадалі згарнуць пікет неўзабаве пасля яго ўсталявання.

Сяргей Лавор стаў у пікет, каб агітаваць за свайго паплечніка з «Еўрапейскай Беларусі».

«Падышла дзяўчына з папкай, паказала пасведчанне і сказала, што мы тут не маем права стаяць. Бо наш кандыдат толькі сёння падаў заяву, і пакуль два дні яго будуць зацвярджаць, мы не маем права тут стаяць», – сказаў актывіст Еўрапейскай Беларусі Сяргей Лавор.

Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» першымі зарганізавалі вулічную агітацыю і пікет за Арцёма Чарняка – адзін з 7, якія зладзілі толькі ў Менску, і працягнулі яго, не зважаючы на ціск.

Яўген Афнагель, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі»:

«Разгляд рэгістрацыі адклалі на апошнія гадзіны апошняга дня, хоць мы падалі дакументы за 10 дзён да гэтага. І атрымліваецца: 17 кастрычніка толькі прынятае рашэнне – мы яшчэ нічога не можам рабіць, 18 даюць пасведчанні, але мы таксама не можам нічога рабіць, бо не паспяваем падаць паведамленняў пра пікеты. І мы губляем 3-4 дні нашага законнага права на агітацыю».

Пра гэтак званае гібрыднае змаганне з кандыдатамі ад апазіцыі сведчаць і іншыя ўдзельнікі перадвыбарчай гонкі. Так, двое сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Бабруйску і Дуброўна з прычыны сціслых тэрмінаў не паспелі даехаць да абласных цэнтраў, каб зрабіць запіс выступу на тэлебачанні. Здараюцца і іншыя перашкоды.

«Вельмі цікавая сітуацыя, калі трое кандыдатаў у розных рэгіёнах краіны, – у Бабруйску, Менскай вобласці і Менску, – сярод іх і Мікалай Казлоў, пайшлі адкрываць рахунак кандыдата, то «завісла праграма» – паўдня згублена ў кандыдатаў. І ў гэтай сувязі ёсць такія падазрэнні, што, магчыма, гэта такі сродак адняць у кандыдата паўдня», – мяркуе прэсавая сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна.

Некаторыя кандыдаты ад іншых партыяў, як ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), самі адмовіліся ад выступу на дзяржаўным радыё, не верачы ў яго папулярнасць сярод грамадзянаў, а значыць, і эфектыўнасць. Наколькі цікавыя выбары самым людзям, даведаемся ў менчукоў на вуліцах гораду:

«Не, не цікаўлюся, не цікава гуляць з уладамі ў напарсткі».

«Я думаю, што бліжэй да выбараў буду цікавіцца, калі спатрэбіцца вызначацца. А так заранёў – не».

«Усе, любы ўзрост – ад моладзі да людзей узроставых – усе хочуць змены ўлады. Улада павінная змяняцца і чым хутчэй, тым лепш».

Адмыслоўцы заяўляюць, што выбары ў Палату прадстаўнікоў – гэта добрая падрыхтоўка да больш значнай электаральнай кампаніі – выбараў прэзідэнта Беларусі, якія адбудуцца праз год.

Галіна Абакунчык belsat.eu