Кіроўная партыя Зімбабвэ адзначыла сыход Мугабэ танцамі і песнямі


Прэзідэнт краіны – ужо тры дзесяцігоддзі, а фактычны кіраўнік – амаль чатыры. Робэрту Мугабэ далі час да заўтра, каб пакінуць прэзідэнцкі фатэль з уласнае волі – інакш імпічмент. Можна казаць, што працэс адхілення прэзідэнта – незваротны і дыктатура Мугабэ завяршаецца.

Кіроўная партыя пастанавіла зняць яго з пасады старшыні і прызначыць лідарам раней звольненага намесніка прэзідэнта Эмэрсан Мнангагўа.

Прадстаўнікі сходу партыі ZANU-PF (Zimbabwe African National Union – Patriotic Front) пасля прыняцця рашэння аб змяшчэнні Робэрта Мугабэ

Менавіта яго адстаўка напачатку лістапада і справакавала хвалю незадаволенасці ў краіне.

Зімбабвэ святкуе вызваленне ад дыктатуры адной асобы, якая панавала ў краіне амаль чатыры дзесяцігоддзі.

Праўладная партыя ў часе адмысловага паседжання прыняла рашэнне аб змяшчэнні Робэрта Мугабэ.

«Нашыя людзі, нашыя калегі патрабуюць ад нас – тых, хто сабраўся сёння тут, адгукнуцца на іхныя патрабаванні і адклікаць прэзідэнта і першага сакратара партыі, таварыша Робэрта Мугабэ з ягоных пазіцыяў у партыі і ва ўрадзе», – заявіў Обэрт Мпофу старшыня сходу кіроўнай партыі ZANU-PF (Zimbabwe African National Union – Patriotic Front).

Пастанову падтрымала і моладзевае крыло кіроўнай партыі.

«Таварыш Мугабэ мае сысці (…), каб ён мог адпачыць, як і належыць састарэламу палітыку, якім ён і ёсць. Мы таксама заклікаем назаўсёды выгнаць з партыі ягоную жонку місіс Мугабэ», – заявіў Юкай Сімбанэгаві з моладзевага крыла кіроўнай партыі.

Пяцідзесяцідвухгадовая Грэйс Мугабэ прэтэндавала на кіроўную пасаду пасля сыходу мужа.

Аднак цяпер, паводле звестак агенцтва «Ройтэрз», новым лідарам мае стаць былы віцэ-прэзідэнт Эмэрсан Мнангагўа. Раней дзевяностатрохгадовы Робэрт Мугабэ абвінаваціў яго ў намеры зладзіць дзяржаўны пераварот і звольніў з пасады. Мяркуецца, дзеля таго, каб прыбраць канкурэнта.

Выходныя ў сталіцы Зімбабвэ, Харарэ, праходзяць пад дэвізам «канец гульні для Мугабэ».

«Мы доўгі час пакутавалі ў гэтай краіне – у страху, пад прыгнётам Мугабэ. Таму мы дзякуем людзям, якія сказалі, што ён мусіць сысці», – кажа жыхар Харарэ (сталіца Зімбабвэ).

Падобныя настроі пануюць і ў другім паводле велічыні горадзе краіны Булаваё.

Тут, як і ў сталіцы, напярэдадні дзеля падтрымання адстаўкі прэзідэнта Мугабэ і адхілення ад улады ягонай жонкі на вуліцы выйшлі дзясяткі тысячаў людзей.

«Гэты дзень азначае незалежнасць для нас. Вы ведаеце, некалі мы атрымалі незалежнасць ад Вялікай Брытаніі. Але ўсе гэтыя гады мы заставаліся пад каланіяльным панаваннем нашых суайчыннікаў. Так што, я лічу, сённяшні дзень – дзень вызвалення Зімбабвэ», – кажа мясцовы жыхар.

Гэтак жа напярэдадні зімбабвійцы асвісталі картэж, відаць, ужо былога кіраўніка краіны.

Меркавалася, што Робэрт Мугабэ пакінуў уласную рэзідэнцыю. Аднак, паводле крыніцы агенцтва «Ройтэрз» у службе бяспекі прэзідэнта, яго не было ў аўтамабілі.

Робэрт Мугабэ кіраваў Зімбабвэ з часу абвяшчэння незалежнасці ў 1980 годзе. 15 лістапада ўзброеныя сілы захапілі яго і ўзялі сітуацыю ў краіне пад кантроль. Мяркуецца, што Грэйс Мугабэ пакінула краіну.

Лола Бурыева, «Белсат»