Аб'ектыў 20.06.2019 Афіцыйныя версіі смерці ўкраінскага дэпутата і журналіста Дзмітрыя Тымчука


Група «Інфармацыйны супраціў» заклікае палітыкаў і медыі ўстрымацца ад будавання версіяў гібелі народнага дэпутата Украіны Дзмітрыя Тымчука і не распаўсюджваць домыслаў, чакаючы на афіцыйныя звесткі следства.

Суіцыд праз глыбокую дэпрэсію, выпадковы стрэл з уласнага пісталету або наўмыснае забойства… Гэта тры асноўныя версіі смерці ўкраінскага дэпутата і вядомага журналіста Дзмітрыя Тымчука. Цела знайшлі напярэдадні ў ягонай уласнай кватэры.

Сяргей Князеў, кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны:

«Папярэдне – агнястрэльнае раненне галавы. Ёсць шэраг працоўных версіяў».

Следчыя падазраюць, што з кватэры зніклі каштоўнасці, што магло б узмацніць версію «забойства». У тое, што стрэл мог быць выпадковы, не вераць і калегі Дзмітрыя.

Народны дэпутат Украіны Аляксандр Брыгінец:

«Загінуў выпадкова пры чыстцы зброі? Хто ў гэта паверыць!»

Уладзімір Ар’еў, старшыня ўкраінскай дэлегацыі ў ПАРЭ:

«Не веру ў выпадковасці – цёмная гісторыя. Ён ваенны, прафесіянал, ведаў зброю, як сябе. Пагрозы патрыётам ад рэваншыстаў ужо былі. Цяпер следства даць сумленны адказ што менавіта адбылося».

Алег Слабадзян, палкоўнік памежнай службы Украіны:

«Дзмітрый Тымчук быў прафесійным вайскоўцам. Наагул не ўжываў алкаголю. Версія аб выпадковым стрэле выглядае на сумнеўную».

Палкоўнік запасу Святаслаў Стэцэнка шмат гадоў вучыць людзей абыходзіцца са зброяй. Кажа, што чысцячы пісталет, нанесці сабе смяротнае раненне амаль немагчыма:

«Перад чысткаю зброя перадусім правяраецца на разладаванасць, адлучаецца магазін, адцягваецца затворная рама пісталета і правяраецца, ці няма патрона ў патронніку. Дасведчаныя стрэлкі, а спадар Тымчук дасведчаная асоба, двойчы адводзяць затворную раму назад. Здараюцца выпадкі, калі з пісталета раняць сябе, але гэта ні ў якім разе не ў галаву, гэта не ў грудзі».

Рабіць любыя высновы да правядзення поўнага комплексу экспертыз заўчасна, цвердзіць юрыстка-крымінолаг Ганна Маляр:

«Мусяць быць абавязкова праведзеныя экспертызы, якія ацэняць імавернасць нанясення такога цялеснага пашкоджання ўласнаручна, то бок мог ён ці не мог зрабіць гэта сам… Калі апынецца, што не сам, будуць шукаць, хто гэта мог зрабіць. І трэцяе – у якім стане знаходзіўся на момант стрэлу Дзмітрый Тымчук».

Падпалкоўнік запасу Дзмітрый Тымчук служыў у розных структурных падраздзяленнях Мінабароны Украіны. Пасля анексіі Расеяй Крыму і пачатку канфлікту на Данбасе ўзначаліў групу па барацьбе з расейскаю прапагандай. Ініцыяваў шэраг законапраектаў у гэтай галіне. Рэгулярна публікаваў аператыўную інфармацыю з Данбасу і вінаваціў Маскву ў падтрыманні тамтэйшых баевікоў.

Рыта Карпенка, Кіеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары