Надзеі на АЭС не спраўдзіліся: электрычнасць не будзе таннейшаю


Астравецкая АЭС, якую будуюць за расейскі крэдыт, паводле плану мусіла даць беларусам танную электрычнасць і прыбыткі ад продажу энергіі за мяжу. Цяпер аказалася, што суседзі атамнай электрычнасці набываць не хочуць, а для грамадзянаў камунальныя тарыфы толькі вырастуць. Затое таннейшую электрычнасць будуць мець стратныя прадпрыемствы.

Астравецкая АЭС мае запрацаваць налета. Прынамсі пакуль тэрміны ўводу першага энергаблока застаюцца нязменныя – 2019 год. Чаго чакаць ад запуску? У інтэрв’ю «Астравецкай праўдзе» віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка распавёў, што будаўніцтва электрастанцыі не адаб’ецца на зніжэнні тарыфаў. Наадварот, урад мае намер павысіць кошты на электраэнергію для насельніцтва.

Жыхары Менску:

«Мае бацькі ўжо пенсійнага ўзросту, і хацелася б, вядома, каб яны выдаткоўвалі грошы не на электраэнергію, а магчыма, на падарожжы па нашай Беларусі».

«Улічваючы патэнцыял атамнай энергетыкі, было б лагічна знізіць кошты на электраэнергію».

«Калі для нас ніякага эканамічнага эфекту не будзе, то навошта ставіць сябе ў рызыкоўную сітуацыю? Усе прайшлі праз Чарнобыль і разумеюць, наколькі гэта сур’ёзна».

Урад плануе змяншаць тарыфы на электраэнергію, але перадусім для буйных прадпрыемстваў, каб яны маглі канкураваць з расейскімі вытворцамі, а розніца ў тарыфах, якую цяпер пакрываюць прамысловыя гіганты, кампенсуецца з нашых кішэняў. Паводле віцэ-прэм’ера Сямашкі, у гэтай сітуацыі выйграюць грамадзяне.

«У выпадку росту тарыфаў на электраэнергію выйграюць і людзі. Бо калі прадпрыемства будзе працаваць эфектыўна, укараняць новыя тэхналогіі, прадаваць прадукцыю на экспарт, тады і ў людзей будзе годны заробак. А рост дабрабыту чалавека заўсёды быў у прыярытэце нашай дзяржаўнай палітыкі».

Адмову ад перакрыжаваных датацыяў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы можна толькі вітаць, кажуць эксперты. Іншая рэч, што бягучыя заробкі не дазваляюць аплачваць рэальных коштаў электраэнергіі тут і цяпер.

«Калі тарыфы для насельніцтва, якія сёння адсоткаў на 15–20 % субсідуюцца, вырастуць, то ўлады наўрад ці рызыкнуць рабіць гэта адразу. Будуць рабіць гэта паэтапна, адпаведна росту рэальных заробкаў», – кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.

Зрэшты, яшчэ пару гадоў таму на найвышэйшым узроўні гучалі абяцанні, што будаўніцтва АЭС паспрыяе зніжэнню аплаты за электрычнасць. У прыватнасці, два гады таму, выступаючы са штогадовым пасланнем у Палаце прадстаўнікоў, пра гэта казаў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы мусім у побыце арыентаваць людзей на выкарыстанне электраэнергіі. З уводам АЭС кошты на электраэнергію будуць значна зменшаныя. Трэба быць гатовымі да ўводу БелАЭС».

Што да будучыні АЭС, то, як кажуць эксперты, планы на яе ва ўраду перыядычна мяняюцца. І абяцанні знізіць тарыфы за кошт АЭС не адзінае, што не спраўдзілася ад часу з’яўлення рэактараў на Астравеччыне.

«Калі казаць пра абяцанні, то спачатку былі абяцанні экспартаваць электраэнергію, пасля былі абяцанні знізіць тарыфы. Былі таксама абяцанні, што АЭС забяспечыць найлепшыя ўмовы для майнінгу крыптавалютаў», – кажа Леанід Фрыдкін.

Цяпер кілават-гадзіна электраэнергіі для насельніцтва каштуе ў сярэднім 10 капеек. Ва ўрадзе абяцаюць, што ў перспектыве кошты вырастуць, але могуць быць уведзеныя, напрыклад, начныя тарыфы, калі электраэнергія будзе каштаваць менш. Такая практыка існуе і ў заходнееўрапейскіх краінах.

АН belsat.eu