«АЭС – маці-карміцелька». «Белсат» наведаў Дзень гораду ў Астраўцы


На гэтых выходных у Астраўцы прайшла імпрэза, прысвечаная адразу тром падзеям – 75-годдзю ўтварэння Гарадзенскай вобласці, Дню гораду і Дню будаўніка. Кожны другі жыхар Астраўца і раёну мае дачыненне да АЭС, якая будуецца побач. З нагоды трох святаў «Белсат» паразмаўляў з уладамі і жыхарамі гораду.

Святкаванне Дня гораду ў Астраўцы распачалося са флэш-мобу «Атамная зарадка» і перформансу гімнастак з Масквы.

«Святкуюць менавіта будаўнікі гораду Астраўца і раёну, а таксама прыезджыя, якія будуюць гэты выдатны праект – Беларускую атамную станцыю», – кажа Віталь Палянін з іжынірынгавага дывізіёну расейскай карпарацыі «Росатом», асноўнага партнёра беларускага боку ў будаўніцтве станцыі.

Рэпартаж з Астраўца глядзіце ў поўным выданні навінаў за 11 жніўня

АЭС для гораду сталася выйгрышным латарэйным білетам, прызнаецца старшыня Астравецкага райвыканкаму Ігар Шалудзін. Населены пункт, у якім жывуць 12 тысячаў чалавек, праз пяць гадоў можа вырасці ўдвая.

«Гэта чакаецца зрабіць у выніку прыходу новай працоўнай сілы, стварэння новых працоўных месцаў на самой атамнай станцыі, прадпрыемстваў, якія звязаныя з ёй, а такія будуць стварацца. Таксама павялічыцца сфера абслугоўвання», – дадае Ігар Шалудзін.

У Астраўцы пабудаваныя два новыя мікрараёны, забудоўваюць трэці. Неўзабаве адкрыюць новую школу і басейн.

Мясцовыя жыхары ў размове з «Белсатам» прызнаюцца, што суседства з АЭС іх не палохае:

«Будзе адносна бяспечна! А жывецца ў Астраўцы вельмі добра – горад разбудоўваецца!»

«Гэта будзе моладзевы горад, моладзевая будова, каб моладзь заставалася тут, не з‘язджала».

«У мяне двое ў сям’і працуюць на атамнай станцыі. Матэрыяльнае становішча сямʼі змянілася. Таму я паўтаруся: яна нашая маці-карміцелька!»

Першы рэактар карміцелькі мае запрацаваць у снежні. Ядравае паліва ў яго загрузяць ужо праз два месяцы. Атамная станцыя будзе вырабляць 18 мільярдаў кілават-гадзінаў электраэнергіі штогод – амаль палову сённяшніх патрэбаў Беларусі. У лютым віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка загадаў Міністэрству энергетыкі «актыўна распрацаваць» рынкі для яе экспарту.

Аляксандр Папко/«Белсат», фота анонсу – Peter Kovalev/TASS/Forum