Аб'ектыў 22.03.2019 Адзначаем Дзень Волі ад Польшчы да ЗША і Новай Зеландыі


Яшчэ адная гістарычная дата, якую неафіцыйна адзначаюць беларусы – Дзень Волі 25 сакавіка, абвешчанне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. З гэтай нагоды ў Менску і Горадні пройдуць святочныя канцэрты, але апроч гэтага, рыхтуецца шмат імпрэзаў у розных гарадах Беларусі ды свету.

Не ў цэнтры Менску – і без пратэстаў. Такіх акцыяў, якія ладзіліся раней з нагоды Дня Волі, сёлета не будзе. Усё пройдзе ў іншым фармаце.

Менгарвыканкам двойчы адмовіў «Арт Сядзібе» і Партыі БНФ, і двойчы руху «За Свабоду» і БСДП «Грамада». Пасля адмоваў у сталіцы Кампанія #БНР101, якая летась ладзіла «Свята Незалежнасці» каля Опернага, вырашыла арганізаваць «асноўную», як яны называюць, імпрэзу 23 сакавіка ў Горадні. Чакаецца шмат забаваў і выступы Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, гуртоў «Dzieciuki», «Дай дарогу» і «Крама». «Белсат» зладзіць онлайн-трансляцыю.

«Я люблю Горадню, і для Горадні гэта вялікае свята. Я ўпэўненая, што ў абласных цэнтрах павінна адбывацца свята ва ўсіх. Але нельга забывацца пра Менск, няма свята ў Менску – няма свята ў краіне», – кажа Вольга Кавалькова, БХД.

У Менску Правацэнтрысцкая кааліцыя і БСДП (Грамада) правядзе 24 сакавіка а 13-й гадзіне мітынг-канцэрт у Кіеўскім скверы. Чакаюцца выступы гуртоў «Дай дарогу», «N.R.M.», «Разбітае сэрца пацана» ды іншых. «Белсат» распачне трансляцыю а 12-й.

«Акрамя размяшчэння сцэны, выступу гуртоў, таксама фудкорты, дзіцячыя пляцоўкі. Будзе цікава, заклікаем усіх прыходзіць. Пачатак а 13 гадзіне. Будзе таксама мітынг з палітычнымі пасланнямі», – тлумачыць Юрась Губарэвіч, арганізатар святкавання ў Менску.

24 сакавіка пройдзе таксама святочны канцэрт у Віцебску ў арт-пабе «Торвальд». У Магілёве ў гэты ж дзень адбудзецца святочная імпрэза ў гасцініцы «Губернская». 25 сакавіка кампанія #БНР101 прапануе запускаць святочныя феерверкі а 21 гадзіне ды ўскласці кветкі да будынку на вуліцы Валадарскага 9, дзе была абвешчаная незалежнасць БНР.

У некаторых універсітэтах перад святамі студэнтаў вызвалілі ад заняткаў ды зрабілі рэкламу акцыям, заклікаючы туды не ісці.

«Мне падаецца, што нашае вызваленне звязанае з Днём Волі, таму што БНТУ не хоча, каб мы ўдзельнічалі ў гэтых працэсах».

«Трэба святкаваць, трэба памятаць сваю гісторыю, не выкрэсліваць, не адкідваць. Шкада толькі, што ўлады так ставяцца да гэтага».

«Трэба, трэба, трэба святкаваць», – кажуць жыхары Менску.

У любой кропцы Зямлі 25 сакавіка можна паўдзельнічаць у акцыі «Вольны забег» ды акцыі «Наш сцяг»: вывешваць бел-чырвона-белыя сцягі на гаўбцах, у вокнах, дварах. За мяжою Дзень Волі плануюць адзначаць у Літве, Польшчы, Украіне, Чэхіі, Ізраілі, Новай Зеландыі, Вялікай Брытаніі, Канадзе і ЗША.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / Forum

Глядзі таксама
Каментары