«Адзіная магчымасць абараніць сквер». Жыхары Грушаўкі запісалі зварот да Лукашэнкі


Грушаўскі сквер у небяспецы! Адзіны зялёны куток сярод бетонных шматпавярховікаў хочуць ушчыльніць. Але мясцовыя жыхары – супраць і намагаюцца захаваць сквер.

Каля паўсотні чалавек сабралася ў скверы, каб запісаць зварот да Лукашэнкі. Яны спадзяюцца, што гэта дапаможа ўратаваць зялёную зону ад высякання.

«Для нас гэта адна з магчымасцяў абараніць сквер. На жаль, частка скверу ўжо абрэзаная. Калі мы сюды засяліліся, гэта быў вялікі парк з зялёнымі дрэвамі. А цяпер палова забраная пад паркоўку, і яшчэ збіраюцца адрэзаць кавалак», – кажа мясцовая жыхарка Ірына Раптавец.

Плошчу Грушаўскага скверу ўпершыню скарацілі ў красавіку 2018 года, каб дабудаваць секцыі да ўжо існага дому на праспекце Дзяржынскага. А ў перадапошні дзень мінулага года мясцовыя жыхары даведаліся, што забудова працягнецца. Гэта і падштурхнула да пратэсту.

«Я тут нарадзіўся і вырас, я памятаю, які зялёны быў сквер і гэтая ваколіца раней. У мяне шмат настальгічнай памяці», – распавядае жыхар Грушаўкі Іван.

Згодна з нормамі ў Менску на аднаго чалавека мусіць прыпадаць прынамсі 9м² зялёнай тэрыторыі. У Маскоўскім раёне сталіцы, да якога адносіцца Грушаўскі сквер, – на аднаго жыхара прыпадае 3,5 м².

«Нават калі казаць пра тое, што Грушаўскі сквер занадта малы, каб называцца скверам, гэта не робіць яго значнасць меншай. Людзей становіцца больш, але зеляніны становіцца меней. Такая сітуацыя не мусіць працягвацца», – сцвярджае архітэктарка, прадстаўніца Менскай урбаністычнай платформы Ілона Эльяшэвіч.

На думку экалагічнага актывіста Ігара Корзуна, раён Грушаўкі спраектаваны гэткім чынам, што аніякія паркі або скверы не зробяць яго камфортным для жыцця:

«Невялічкія кавалкі зеляніны, якія ўяўляюць з сябе не спробу палепшыць камфорт жыцця, але банальную спробу адпавядаць тым нарматывам, якія ёсць у будаўнічых нормах і правілах», – кажа ён.

Зварот да Лукашэнкі жыхары Грушаўкі будуць распаўсюджваць праз медыі ды сацыяльныя сеткі. У хуткім часе актывісты трапяць на прыём да начальніка адміністрацыі Маскоўскага раёну сталіцы. Таксама яны плануюць звяртацца ў пракуратуру, а калі спатрэбіцца, то нават і ў суд.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»