Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў падрыхтавала доказы


Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў запрацавала рэальна і ў новай якасці. Ініцыятыва, якая фіксуе і расследуе злачынствы службовых асобаў супраць мірных грамадзянаў, апублікавала першы спіс – гэта 28 гэта гатовых матэрыялаў з доказнай базай аб фактах злачынстваў.

Гранаты і страляніна з драбавікоў у няўзброены натоўп, збіццё і катаванні пасля затрымання, палітычна матываваныя незаконныя рашэнні суда – усё гэта зрабілася штодзённасцю для большасці беларусаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Ну і сама фальсіфікацыя вынікаў галасавання. Сёння ў Адзінай кнізе рэгістрацыі злачынстваў апублікавалі 28 гатовых матэрыялаў правярання адносна 45 падазраваных службовых асобаў – з імёнамі, прозвішчамі і фатаграфіямі. Агулам на сёння ёсць больш за 1000 зваротаў у EKRP.ORG з боку пацярпелых і сведкаў.

Стварэнне Адзінай кнігі ініцыявала Святлана Ціханоўская. А зборам і апрацоўваннем інфармацыі займаюцца Народнае антыкрызіснае кіраванне ды ініцыятыва «ByPol», створаная былымі следчымі, пракурорамі і працаўнікамі сілавых ведамстваў. Гэтыя факты карпатліва сабрала і расследавала каманда прафесіяналаў, каб папярэдзіць злачынцаў у пагонах аб непазбежнай адказнасці, падкрэслівае Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання і чалец Прэзідыюму Каардынацыйнай Рады транзіту ўлады.

«Перадусім гэта магчымасць прыцягвання да крымінальнай адказнасці ў межах Канвенцыі аб недапушчальнасці катаванняў 1984 года, удзельнікам якога з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. І гэта канвенцыя дае права любой дзяржаве-удзельніцы пачаць крымінальнае разбіральніцтва адпаведна нацыянальнаму заканадаўству, калі мелі месца факты катаванняў«, – тлумачыць Павел Латушка.

Таксама доказавая база сабраных фактаў дазваляе стварыць Міжнародны крымінальны суд у справе Беларусі. Спецназаўцаў, суддзяў і кадэбістаў на падставе Адзінай кнігі можна будзе вышукваць праз Інтэрпол, а таксама, як перакананы Павел Латушка, у бліжэйшым часе ў Беларусі скончыцца прававы дэфолт.

«Гэта сігнал і для тых, хто цяпер працуе ў сілавым блоку, або стаіць перад выбарам аб прыняцці рашэнняў, якія не адпавядаюць заканадаўству нашай краіны, што ў будучыні ён можа быць прыцягнуты да адказнасці за падобныя дзеянні«, – падкрэслівае былы дыпламат.

Ініцыятыва патрэбная нават з проста хрысціянскага пункту гледжання, каб зрабіць правільны маральны выбар або пакаяцца ў здзейсненым, кажа каталіцкі святар Вячаслаў Барок, пробашч у Расонах.

«Гэта робіцца не дзеля помсты, а каб нам разам у Беларусі будаваць агульны дом на ўстойлівых маральных фундаментах. І гэтая ініцыятыва – Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў – вельмі нам у гэтым дапаможа«, – мяркуе Вячаслаў Барок.

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі на публікацыю доказаў сваіх злачынстваў адказала стварэннем адзінай базы ўдзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Раней грамадзяне паведамлялі, што затрыманых на мірных дэманстрацыях людзей узмоцнена абшукваюць на межах.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»