Аб'ектыў 13.11.2018 Адышоў Ігар Лучанок


Пакінуў нам у спадчыну музыку, якая будзе жыць вечна… На восемдзесят першым годзе пайшоў з жыцця Ігар Лучанок – кампазітар і народны артыст СССР, Расеі і Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, да глыбіні душы беларускі талент. Спачуваюць творцы, блізкія, узгадвае ўся Беларусь.

Ігар Лучанок: «Мы всегда будем в строю, и песни будут еще, и новые, и они ждут встречи с вами…» Беларусь страціла Ігара Лучанка. Засталося безліч кадраў, на якіх творцы спадарожнічае музыка… Пазнавальная, беларуская народная.

«Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе ня маю сілы…»

«Мой родны кут», таксама «Журавы» – гэта найвядомейшая песня».

«Выдатны кампазітар, якога ўсе ведаюць на Беларусі і ўсёй постсавецкай прасторы!»

«Так-так, вельмі шмат для «Песняроў» напісаў».

«Ледзь не кожная другая песня ягонага аўтарства. Насамрэч вельмі шмат песень» – распавядаюць менчукі.

Выкладчык музыкі, савецкі і беларускі кампазітар найбольш працаваў у песенным жанры. Ягоныя творы складаюць рэпертуар аркестра Міхаіла Фімберга, ансамбляў «Песняры», «Сябры», «Верасы», спевакоў Ратару, Кабзона, Талкуновай, Лешчанкі і шматлікіх іншых.

«Птушкі ў вырай ляцяць» – на вершы Уладзімера Някляева, паўстала на малой радзіме Ігара Лучанка – у Мар‘інай Горцы Пухавіцкага раёну. Раз ехалі туды разам электравіком, гралі на баяне.

«І адзін дзядок стаў сунуць яму рубель! Кажа – трэба ці ня трэба рубель, але я ведаю, што гэта грае Лучанок і таму даю! Іншаму, кажа, ня даў бы», – успамінае Уладзімір Някляеў, народны паэт, суаўтар Лучанка.

Іншаму не далі б каля дваццаці розных узнагародаў і званняў. Не сабраліся б шматтысячнай грамадою, бо ён у гэтым годзе святкаваў свой 80-гадовы юбілей.

«Вось у апошні канцэрт 26 верасня, дзе мы бралі ўдзел, спявалі ягоныя песні з народным аркестрам Філармоніі, і ён таксама прысутнічаў… я злавіў сябе на думцы, што менавіта цяпер на сцэне ўвесь канцэрт ягоныя песні выконвае ўжо маладое пакаленне», – расказвае Раман Козыраў, мастацкі кіраўнік ансамблю «Песняры».

А значыць, песні застаюцца, як і сусветная вядомасць, здабытая праз творы вакальна-сімфанічныя, камерна-інструментальныя і камерна-вакальныя. Як датаваная 79-ым годам рок-опера па паэме Янкі Купалы «Курган».

З павагай да Ігара Лучанка ў свой час ставіўся камсамол, заўжды і ўзаемна – беларуская дзяржава, грамадскім дзеячам якой з’яўляўся. Але шанавалі Спадара Лучанка і творцы з іншаю грамадзянскаю пазіцыяй, як Алег Хаменка (гурт «Палац»):

«Як ён выдатна карыстаўся гэтымі сэптымамі, калі пісаў мелодыі – гэта фантастыка. Трэба было вучыцца ў Багатыровай і да водуры найграцца на цымбалах. А ён валодаў цымбаламі».

З 1980-га года і да канца жыцця Ігар Лучанок узначальваў праўленне Саюзу кампазітараў Беларусі.

«Яго адрозніваюць менавіта прыгожыя мелодыі. Бо калі глядзець на песні «Песняроў», іх рабілі ў розных аранжыроўках, напрыклад, «Зачарованая» ёсць такая джазавая, «Мой родны кут» ёсць са скрыпічным квартэтам, «Алеся» у выглядзе беларускай балады», – кажа Раман Козыраў, мастацкі кіраўнік ансамблю «Песняры».

Развітанне з народным артыстам, песні якога працягваюць гучаць, адбудзецца заўтра з адзінаццатай да чатырнаццатай гадзіны ў сталічным Цэнтральным доме афіцэраў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары