Адробленае паліва з БелАЭС будуць перапрацоўваць у Расеі


Адпаведнае пагадненне маюць падпісаць урады дзвюх краінаў. Пра гэта сёння заявіла прадстаўніца Міністэрства энергетыкі Лілія Дулінец. Аднак ядравыя адкіды ўсё роўна застануцца ў Беларусі – на сотні тысячаў гадоў. Што гэта за адкіды, і ці мы маем магчымасці іх захоўваць? Аляксандр Папко высвятляў акалічнасці.

Усярэдзіне гэтых металічных стрыжняў – таблеткі спрасаванага ўрану. Уласна яны падчас ядравай рэакцыі выпрацоўваюць цяпло. У чэраве кожнага з двух рэактараў БелАЭС будзе па 163 такія касеты. І ўжо праз 4 гады ўсе трэба будзе замяніць. Што з імі рабіць? Кіраўніцтва станцыі прапануе нам тры варыянты:

1. Перапрацаваць у Расеі, а Беларусі вярнуць адкіды

2. Перапрацаваць у Расеі, а Беларусі вярнуць карысныя матэрыялы і адкіды

3. Не перапрацоўваць, адразу захаваць у Беларусі

«Плутоній выпрацоўваюць. З яго робяць гэтак званае МОКС-паліва. Але гэтыя спробы ненадзейныя, такіх рэактараў практычна няма. Таму ўсё гэта – адкіды, і іх трэба некуды схаваць», – кажа Георгій Лепін, фізік, доктар тэхнічных навук.

Так робяць у ЗША і Швецыі. Перапрацоўку там палічылі небяспечнай і дарагою. У Францыі ды Расеі лічаць іначай. На радыехімічным заводзе са стрыжняў вылучаюць плутоній і ўран. А што рабіць з нікому не патрэбнымі радыеактыўнымі рэшткамі? Іх заліваюць у шкло і зазвычай адпраўляюць тым, хто вырабіў. У нашым выпадку – на БелАЭС.

«Расея не вельмі імкнецца браць назад гэтыя адкіды. Захоўваць іх не будзе дзе. Яны могуць проста павіснуць на тэрыторыі Беларусі і проста ляжаць на тэрыторыі гэтай жа станцыі», – кажа Георгій Лепін, фізік, доктар тэхнічных навук.

Захоўваць ядравыя адкіды трэба не менш за 100 тысячаў гадоў. Гэтак, толькі для параўнання – гісторыя нашай цывілізацыі налічвае прыблізна 6 тысячаў.

Непранікальных для вады скалаў, сухіх саляных шахтаў ці паўкіламетровых пластоў гліны, прыдатных для магільніка, у Беларусі няма. Калі давядзецца пакінуць радыеактыўныя адкіды ў сябе, то лепш абысціся без АЭС, мяркуюць апытаныя намі гомельцы:

«Не трэба! Не варта! У нас і так усялякага хапае».

«Чаго чакаць ад вашай станцыі! Лепш бы сонечныя батарэі ляпілі – дый усё. Уся Еўропа ветракі ставіць – і нармальна!»

«Эканамічна станцыя больш выгадная, чым купляць нешта за мяжой. А адкіды – яны заўсёды будуць, ад любой вытворчасці».

Ядравыя магільнікі могуць быць для чалавецтва не менш небяспечныя за атамныя электрастанцыі, мяркуюць эколагі.

«Аварыі з адпрацаваным ядравым палівам ужо былі. Дзве вялікія такія аварыі адбыліся ў Расеі. […] Нам казалі, што чарнобыльская аварыя можа здарыцца раз на тысячу гадоў. А ў нас менш як за сто гадоў адбыліся дзве велізарныя аварыі – Фукусіма і Чарнобыль», – кажа эколаг Ірына Сухій.

2500 тонаў адпрацаваных стрыжняў – столькі пакіне пасля сябе БелАЭС за 60 гадоў працы. Утылізацыя кожнага кілаграму каштуе сёння больш за тысячу еўраў. Мірны атам падаецца яшчэ і танным, але толькі калі не ўлічваць коштаў аховы станцыі, перапрацоўкі ды ўтылізацыі радыеактыўных адкідаў.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM