Аб'ектыў 10.09.2019 Адно самагубства кожныя 40 секундаў


800 000 чалавек штогод. Столькі людзей у свеце паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі здароўя скончваюць жыццё па сваёй волі. Беларусь традыцыйна ўваходзіць у топ-10 краінаў з самай вялікай колькасцю самагубстваў на 100 тысяч чалавек.

Суіцыды часта трапляюць пад увагу медыяў. Спачатку маці траіх дзяцей з Гомельшчыны, потым шматдзетная маці з Воранава. Незадоўга да гэтага сям’ю паставілі на ўлік як сацыяльна небяспечную. Неаднаразова здараліся выпадкі самагубства ў беларускім войску.

Нумары экстраннай псіхалагічнай дапамогі існуюць у кожным абласным цэнтры. Сюды людзі могуць звярнуцца па бясплатную кансультацыю. Шмат хто не наважваецца тэлефанаваць дзяржаўным псіхолагам і абірае платнага адмыслоўца.

Так, напрыклад, зрабіла Таня Аліпчыкава. Цягам некалькіх месяцаў дзяўчына пакутавала ад дэпрэсіі. І ў яе ўзнікалі суіцыдальныя думкі. Цяпер яна вядзе тэлеграм-канал і дапамагае іншым зразумець свой псіхічны стан. Распавядае пра псіхатэрапію з боку кліенткі:

«Мне практычна кожны тыдзень прыходзяць нейкія водгукі з удзячнасцю за тое, што я кажу пра гэта. Самая частая фраза: «Дзякую, што кажаш пра гэта, я адчуваю, што я не адна», – кажа Таня.

Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, кожныя 40 секундаў у свеце хтосьці канчае жыццё самагубствам, і Беларусь уваходзіць у спіс краінаў з найбольшаю колькасцю суіцыдаў. Колькасць самагубстваў не звязаная з матэрыяльным дабрабытам чалавека, мяркуе кандыдат псіхалагічных навук Яўген Маліноўскі:

«Прычына – гэта соцыум, які не дае дастаткова чалавеку інфармацыі, каб ён асэнсаваў сябе, каб ён стаў свядомым чалавекам, а свядомы чалавек хіліцца да другога свядомага чалавека, тады і з’яўляецца сэнс жыцця», – тлумачыць псіхолаг.

Сярод захадаў для скарачэнні колькасці самагубстваў Сусветная арганізацыя здароўя прапануе абмежаванне доступу да зброі ды пестыцыдаў. Гэтыя адныя з самых распаўсюджаных спосабаў скончыць з жыццём. Агулам жа колькасць самагубстваў у свеце і ў Беларусі скарачаецца.

Наста Кахановіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары