«Аднаразовыя касцюмы выкарыстоўваюцца шмат разоў»: рэчаіснасць і афіцыйная статыстыка каронавіруса


Галоўнай навіной застаецца пандэмія каронавіруса ў Беларусі. І становішча цяжкае: у шпіталях не стае месцаў для пацыентаў і аднаразовых ахоўных касцюмаў для лекараў. Але падначаленыя міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка працягваюць казаць, што на дзень каронавірусам заражаюцца не больш за 1000 чалавек, а паміраюць не больш за 4–5. Агулам афіцыйна ў Беларусі ад COVID-19 памерлі толькі 160 чалавек.

Для заражаных каронавірусам у Мар‘інагорскай больніцы выдзелілі 5-павярховы корпус. Аднак месцаў не стае. Пацыентаў кладуць нават у ардынатарскай – кажа медык гэтай установы:

«Чацвёрты паверх, наколькі я ведаю – я раней там працавала, – там ідуць у нас тыя, хто кантактаваў. Пяты і трэці – тыя, у каго ўжо выяўлены. А другі – чыстая зона. На кожным паверху – сорак і болей чалавек».

Паводле працаўнікоў больніцы, уначы прыёмны пакой быў перапоўнены. У рэанімацыі тым часам – каля сямі-васьмі чалавек. Ахоўныя сродкі для барацьбы з каронавірусам медыкі маюць, але…

«Аднаразовыя касцюмы, усё астатняе – яны, як, напэўна, па ўсёй Беларусі, выкарыстоўваюцца шмат разоў. А так пальчаткі, акуляры, маскі – усё ёсць», – гаворыць доктар рэанімацыі Мар‘інагорскай больніцы.

Засцерагаюць сябе маскамі ды пальчаткамі і тыя, хто прыносіць у шпіталь перадачы сваім блізкім.

Наведнікі Мар‘інагорскай больніцы кажуць:

«У мяне тут ляжыць бацька. Ён сам з Рудзенску, а я жыву ў Менску. Мае цяпер на караціне, а я не кантактаваў – маю права яму вазіць туалетныя прыналежнасці і ўсё такое».

«Я сам хварэю на каронавірус. Проста перадачу трэба перадаць. А што тут гаварыць – мруць людзі як паравозы. За тыдзень толькі 5 чалавек у палаце. І сем‘ямі. Тут сябар, сам памёр, сын памёр. Жонцы на глебе гэтага стала кепска з галавой».

У Менску каронавірусам заразіліся трое студэнтаў Аграрнага ўніверсітэту. Гэтую інфармацыю парталу Онлайнер пацвердзіў прарэктар Уладзімір Пазнякоў.Цяпер з інтэрнату нумар адзін аграрнага ўніверсітэту высяляюць жыхароў другога паверху.

«Я не ведаю, чаму толькі другі. Я пытаўся. Мне сказалі, што трэці і чацвёрты – астатнія паверхі – высяляць не будуць, пакуль што. Перасяляць у сэнсе. Пакуль толькі другі», – распавядае студэнт ІІ курсу БДАТУ Дзмітрый Арэшка.

Выселеных перавозяць у дзявяты інтэрнат, што ў Бараўлянах, ды ў сёмы – кажуць студэнты. А вось прычыну пертурбацыяў апытаныя намі не ведаюць.

Студэнты БДАТУ кажуць:

«Я не разумею, чаму нас выселілі. Напэўна, з-за каронавіруса».

«Другі так, а я на трэцім-чацвёртым. Нас таксама павінны перасяліць, як кажуць. Сказалі пераселяць – а куды, што, калі – не маю ўяўлення».

Паводле афіцыйных звестак, каронавірусам у Беларусі інфікаваныя больш за 28 з паловай тысячаў чалавек. Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя рапартуе – у краіне зроблена 335 тысяч тэстаў.

«Лабараторый не хапае. Мазок робяць 7 дзён. Пра што тут гаварыць! Нават калі рабіць сабе аналіз у паліклініцы, нават платна! Тэстаў няма – нават медыкам не хапае, не гаворачы пра звычайны народ», – кажа наведнік Мар’інагорскай больніцы.

Афіцыйныя лічбы тэставанняў на каронавірус ставяць пад сумнеў дакументы, апублікаваныя ў тэлеграм-канале NEXTA.

Згодна з загадам міністра аховы здароўя сумарная «магутнасць» лабараторыяў паводле стану на панядзелак – 8 320 тэстаў за содні. Паводле ж афіцыйных звестак гэтая лічба за апошні дзень – 13 352.

Як колькасць тэстаў можа перавышаць магчымасці медычнай сістэмы Беларусі – пытанне пакуль без адказу. Датэлефанавацца да прэс-сакратара Міністэрства аховы здароўя па каментар цягам дня нам не ўдалося.

Анастасія Русецкая Белсат