Аднаразоваму пластыку ў Беларусі застаўся адзін год


Аднаразоваму пластыкаваму посуду ў Беларусі застаўся ўсяго год, бо, паводле Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, з 1 студзеня 2021 года яго выкарыстанне ды продаж у аб’ектах грамадскага харчавання забароняць.

«Канечне, гэта вялікі крок наперад. Лепш папера – яна раскладаецца хутка».

«А нашто гэты пластык? Хімія! Лепш якое-небудзь шкло».

«Ну, пластык вылучае шкодныя рэчывы, і гэта забруджвае навакольнае асяроддзе», – мяркуюць жыхары Віцебску.

Аднак у першую чаргу забарона аднаразовага пластыкавага посуду паўплывае на ўстановы грамадскага харчавання, якім давядзецца мяняць свае прынцыпы працы. Але не на ўсе. Напрыклад, у менскай кавярні «Tiden» ужо цяпер адсутнічае аднаразовы посуд. Памочніца дырэктара кавярні «Tiden» Алёна Маркіна распавядае:

«Тут больш прынцыпаў выпрацоўваецца ў людзей і звычак. Яны прынцыпова падыходзяць. Калі ёсць у месца нейкая канцэпцыя вельмі важная, напрыклад, для экалогіі, як у нас, то людзі больш пачынаюць падтрымліваць. То бок яны з большай адказнасцю ставяцца да нас і пачынаюць часцей нас наведваць».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Цяпер пластык складае да траціны ўсіх адкідаў у Беларусі – каля мільёна тонаў штогод!

«Хопіць гэтага пластыку!» – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Часткова развязаннем праблемы ўлады заняліся. Сёлета паведамлялася пра планы ўсталяваць у Беларусі тараматы для збору пластыку. Наталля Блышчык, адмысловец Цэнтру экалагічных рашэнняў, тлумачыць:

«Другі момант, на які звяртаюць увагу, – гэта дробныя пластыкавыя прадметы. Памешвальнікі, трубачкі. Гэта тыя прадметы, якія не заўжды нават даязджаюць да палігонаў, да ізаляваных месцаў складавання. Яны часта трапляюць у навакольнае асяроддзе і там ужо ўздзейнічаюць на жывёлу, прыроднае асяроддзе».

У той жа момант з эканамічнага гледзішча гэта не ўяўляе вялікай праблемы грамадскаму харчаванню. Наадварот, атрымліваецца яшчэ і эканомія, кажа нашая суразмоўца.

«Мы больш мыем посуду – выдаем электраэнергію і ваду, працуе абсталяванне. А проста не набываем аднаразовага посуду і на гэтым эканомім», – кажа Алёна Маркіна, памочніца дырэктара кавярні «Tiden».

Да таго ж у шмат якіх месцах ува ўсім свеце распаўсюджаная практыка – прадаваць напоі са зніжкаю, калі кліент мае свой посуд.

З абмежаваннямі для аднаразовага посуду трэба будзе заводзіць новыя звычкі. Напрыклад, я ўжо пэўны час спрабую не развітвацца з тэрмакубкам, у які і прашу наліць сабе кавы ў кавярнях. Тым больш калі гэта гарантуе яшчэ і зніжку на сам напой. Так што сагравайцеся ў гэткае надворʼе і вы ды рабіце гэта экалагічна.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu