Аб'ектыў 22.01.2019 Адкуль заторы з’явіліся ў вёсках? Як разгарнуўся рамонт на Менскай кальцавой


Кожную раніцу і вечар у вёсцы Прылуцкая Слабада заторы. Мясцовая дарога не разлічаная на такую плынь транспарту.

Жыхары вёскі Прылуцкая Слабада:

«Пасля таго як хлынулі машыны, тут вельмі небяспечна хадзіць. Мяне пару дзён таму і ў пятніцу ледзь не збіла машына, грузавая».

«Па-першае, корак вялікі, раніцаю не так, увечары больш. І цёмна. Дзеці ходзяць у школу, калі ездзяць маршруткаю, стаяць няма дзе. Няма ходнікаў. Гэта небяспечна».

Аўтамабіляў паболела пасля таго, як пачаўся рамонт пуцеправоду на Менскай кальцавой. Чыгуначны пераезд у вёсцы стварае кіламетровыя коркі.

«Яшчэ якія нязручнасці, заўсёды трэба стаяць па 40–50 хвілінаў. Кожны дзень».

«На працу яшчэ прыехаць можна, праз горад. З працы з’ехаць немагчыма. Гэта проста непрадуманае рашэнне кіраўніка нашага, дарожных службаў».

«Вельмі доўга стаяць, з працы нязручна дабірацца. Часам гадзіны дзве стаіш у корку, нязручна», – кажуць кіроўцы.

Мясцовыя ўлады прапаноўваюць альтэрнатыўны варыянт: арганізаваць аб’язны рух праз Р23, М14 і Р1, але гэта моцна павялічвае адлегласць. Па кальцавой – пяць, праз Шчамысліцу – дванаццаць, і сорак – у абʼезд, але без затораў.

«Ну, куды 40 кіламетраў? Калі я жыву тут каля кальцавой, а працую каля метро «Малінаўка», куды ж я буду ездзіць! Гэта вельмі далёка», – гаворыць кіроўца.

Рух па Менскай кальцавой плануюць аднавіць у траўні, на час сёлетніх Еўрапейскіх гульняў, а пазней адрамантаваць пуцеправод у супрацьлеглым кірунку. Цалкам завяршыць працы плануюць да канца года.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары