Адкуль ВІЧ у Міраславы?


У нашым грамадстве нягледзячы на намаганні медыяў ды актывістаў да ВІЧ-інфікаваных ставяцца з падазрэннем. Але самае страшнае – калі інфекцыя трапляе ў арганізм не праз уласную неабачлівасць, а праз дзеянні тых хто мае ахоўваць нашае здароўе. У Пінску ВІЧ знайшлі ў гадавалай дзяўчынкі, ніхто з яе сям‘і інфекцыі не мае.

Праз два тыдні Міраславе Дыдышцы з Пінску споўніцца год. Са студзеня ейнае жыццё праходзіць у шпіталі. Тры тыдні таму бацькі даведаліся, што ў дачкі станоўчы вынік аналізу на вірус імунадэфіцыту.

«Дзіця дзесьці з васьмі месяцаў пачало часта хварэць. Прастудныя захворванні адразу за яе чапляліся. Даходзіла да таго, што адразу на пнеўманію выходзіла. То бок вылечым пнеўманію – праз тыдзень яна зноў захварэла», – распавядае бацька дзяўчынкі, Іван Дыдышка.

Дзяўчынцы прызначылі шэраг аналізаў, бо ў яе быў нізкі гемаглабін і высокая хуткасць асядання эрытрацытаў.

«На наступны дзень пазваніла інфекцыяністка і сказала, каб мы прыехалі з мужам і дачкой. Мы прыехалі, я зайшла да яе, і яна паведаміла, што ў маёй дачкі ВІЧ. Адкуль і як, яны самі не разумеюць», – кажа маці дзяўчынкі, Святлана Дыдышка.

І ў бацькоў, і ў старэйшых чатырох дзяцей аналізы на ВІЧ далі адмоўны вынік, таму сям’я лічыць, што дзяўчынку заразілі ў медычнай установе ў Пінску.

«Ці з радзільні, ці пасля радзільні яна ляжала ў нулявым аддзяленні. Інфекцыя ж не адразу праяўляецца», – адзначае Іван Дыдышка.

Цяпер задача дактароў – спыніць размнажэнне віруса ў арганізме дзяўчынкі. Калі тэрапіі не спыняць, чалавек можа весці звычайны лад жыцця. Міраслава лекуецца ў Менску, а ейная маці напісала заяву ў Следчы камітэт – з патрабаваннем знайсці вінаватых у тым, што здарылася.

«Магу пажадаць толькі вялікай цярплівасці бацькам і нейкага цуду, каб дабіцца праўды, як гэта адбылося. Бо калі заразілі ў медычнай установе, то яны будуць усяляк гэта пакрываць», – адзначае віч-інфікаваны Яўген Спявак.

У Пінскай дзіцячай больніцы цвердзяць, што заражэнне не абавязкова адбылося ў медычнай установе, а Упраўленне следчага камітэту па Берасцейскай вобласці ўжо распачало крымінальную справу паводле артыкулу «Неналежнае выкананне абавязкаў медычнымі працаўнікамі».

«У рамках санкцыі гэтага артыкулу прадугледжваецца абмежаванне ці пазбаўленне волі тэрмінам да пяці гадоў са штрафам. І з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю ці без пазбаўлення», – тлумачыць адвакатка Кацярына Гамзунова.

Юрыстка адзначае, што вынікі правярання Следчы камітэт мае паведаміць бацькам. Жыццё якіх змянілася назаўжды.

«Бацькам трэба будзе заўсёды трымаць на кантролі стан здароўя гэтага дзіцяці, асабліва калі пачнецца тэрапія, у тым ліку прымаць прэпараты рэгулярна па гадзінах», – распавядае Яўген Спявак.

Пакуль жа бацькі стараюцца падтрымліваць адно аднаго і лячыць дзіця.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»