Адкуль у Беларусі з’явіліся $ 2,5 млрд?


Калі ўявіць эканамічны апакаліпсіс у Беларусі, наколькі хапіла б золатавалютавага рэзерву, каб забяспечыць пастаўкі неабходных замежных тавараў? Паводле актуальных звестак імпарту і ЗВР, менш як на тры месяцы. Да прыкладу, палякі працягнулі б больш за паўгода.

Для нашае краіны – гэта рэкордны паказнік

На пачатак снежня міжнародныя рэзервы Беларусі склалі $ 7,413 млрд, паведаміла прэсавая служба Нацбанку. Гэта найлепшыя лічбы за прынамсі апошнія чатыры гады. Якія, што праўда, могуць паставіць крыж на ўзгодненых з МВФ рэформах.

«Калі краіна патрабуе грошай, кіраўніцтва гатовае ісці на эканамічныя рэформы. І наадварот: калі грошай шмат, адразу ўзнікае спакуса – навошта нешта змяняць, калі і так усё нядрэнна. Пры гэтым не ўлічваецца, што гэтае «нядрэнна» атрымліваецца выключна за кошт пазыкаў», – звяртае ўвагу эканаміст Вадзім Іосуб.

За мінулы месяц золатавалютавыя запасы выраслі на 0,2 %. З пачатку ж года да лістапада ЗВР павялічыўся напалову, ці на $ 2,487 млрд.

Адкуль грошы?

«Павелічэнню спрыяла паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад збірання экспартавых мытаў на нафту і нафтапрадукты, а таксама паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам і Міністэрствам фінансаў аблігацыяў, намінаваных у замежнай валюце. Станоўчы ўплыў на ўзровень рэзерваў таксама аказала павелічэнне кошту манетарнага золата», – патлумачылі ў прэс-службе Нацбанку.

Між тым, напрыклад, дзяржаўны доўг перавышае міжнародныя рэзервы Беларусі ў тры разы. Выплаты толькі па еўрабондах у студзені складуць $ 800 млн – ці амаль дзясятую частку існага ЗВР.

«Улады ў наступным годзе плануюць сплаціць па знешніх пазыках 3,7 млрд долараў. Асноўная частка пазыкаў будзе выплачвацца ўраду Расеі і расейскім банкам, а таксама Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця», – распавядае эканамічны аналітык Павел Кіркоўскі.

Праз гэта прынамсі ў першай палове наступнага года варта чакаць скарачэння колькасці ЗВР. Між тым у лістападзе старшыня Нацбанку заявіў, што перад ведамствам стаіць задача павялічыць рэзервы да дзесяці мільярдаў. Паводле айчынных банкіраў, гэта мінімальны ўзровень, які дазволіць з карысцю ўзаемадзеяць на вонкавых рынках капіталу.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Ivan Damanik / Zuma Press / Forum