Адкуль у бедных беларусаў мільярды долараў?


«Ніякага крызісу няма ў нас! Ён толькі ў галаве!», казаў Лукашэнка ў пачатку мінулае вясны. І падкрэсліваў, што яшчэ крыху – і эканамічныя паказнікі адновяць рост. Дык ці аднавілі?

«Грошай няма ў краіне!»

Паводле Нацыянальнага банку, са студзеня да чэрвеня беларусы набылі амаль $ 1.7 млрд. Аднак здалі значна больш – $ 2.8 млрд. Да гэтага можна дадаць і адток банкаўскіх укладанняў у валюце, які толькі за сакавік склаў больш за $ 40 млн.

Бліжэйшымі месяцамі колькасць прададзенай валюты ад фізічных асобаў скароціцца, прагназуюць эксперты. Што праўда, прычына не ў раптоўным багацці. А толькі ў тым, што не будзе чаго прадаваць.

Улады прызнаюць эканамічны крах

Паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі Менск пераадолеў планку сярэдняга заробку $ 500. Іншыя ж рэгіёны далёкія ад абяцаных каторы год «па пяцьсот». Нават высокія чыноўнікі ва ўрадзе прызнаюцца, што заробак у правінцыі памерам $ 200-300 lлля бальшыні толькі мара.

«Людзі вельмі моцна збяднелі. Заробак панізіўся амаль у два разы, у параўнанні з гэтак званымі «тлустымі» гадамі. Людзі прызвычаіліся да жыцця, на якое ўжо няма грошай. І цяпер дастаюць грошы з панчох, з шафаў, са слоікаў, і прадаюць, каб падтрымаць неяк той самы ўзровень жыцця», – тлумачыць эканаміст Уладзімір Кавалкін.

Замест Турцыі – беларуская вёска

Але нават продаж валюты і спроба захаваць ранейшы ўзровень жыцця не дапамог турыстычнай галіне. Набліжаецца сезон адпачынкаў, але, паводле Уладзіміра Кавалкіна, сёлета рынак падарожжаў прасеў амаль удвая ў параўнанні з мінулым годам. І беларусы ўсё часцей выбіраюць лецішча ці вёску замест Турцыі ці Егіпту. І, не зважаючы на аптымізм уладаў, такі трэнд, найхутчэй, з намі надоўга.

«Ні экспарт, ні ВУП расці пакуль не будуць. Таму гэты нізкі ўзровень, бедны ўзровень жыцця будзе захоўвацца», – прагназуе эканаміст.

Крызіс прымушае беларусаў шукаць лепшага жыцця за мяжой

Паводле апошніх звестак Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі Беларусі, за першы квартал толькі паводле афіцыйных кантрактаў за мяжу выехалі на 65 адсоткаў асобаў больш, чымся летась за аналагічны перыяд. Рэальны ж лік працоўных мігрантаў у разы большы, цвердзяць адмыслоўцы.

Юрый Салодкі «Белсат»