Адкрыўся першы беларускі завод легкавых аўтаў. І гэта правал


Аўта, прынамсі на 30 % беларускае. Новы завод «Белджы», які сёння ўрачыста запускае вытворчасць аўтамабіляў «Джылі» пад Барысавам, будзе, апрача іншага, займацца афарбоўкаю, зваркаю ды мантажом дробных дэталяў.

«Джылі» збіраліся ў Беларусі яшчэ з 2012 года

Але гэта была так званая адкруткавая вытворчасць. На гатовыя імпартаваныя машынакамплекты проста прыкручваліся дзверы ды хадавая частка. Паводле гэтай жа схемы на прадпрыемстве «Юнісон» у Абчаку скручваліся некаторыя мадэлі «Шэўрале» ды «Кадылаку». Алё з гэтага года, паводле правілаў Мытнага саюзу, адкруткавая зборка перастае лічыцца мясцоваю вытворчасцю. Адказам на гэта стала пабудова новага заводу.

Будаўніцтва ідзе з істотным адставаннем ад графіка

Запуск лакалізаванай чаргі на 30 %, запланаваны на пачатак 2017-га, адбываецца толькі цяпер, калі паводле плану час заканчваць лакалізацыю на 50 %. Гэта можа стаць перашкодаю для экспарту аўтаў «Белджы» на расейскі рынак налета. Але галоўнае праблема – не рэгуляторная, а адсутнасць попыту.

Паводле статыстыкі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, за тры кварталы сёлета ў Беларусі прадалі 242 аўтамабілі «Джылі». Гэта крыху больш за 2 % рынку. І гэта – нягледзячы на ільготныя ўмовы лізінгу.

Сітуацыя не лепшая і з экспартам

Продажы беларускіх легкавых аўтаў у Расею абваліліся сёлета ў два з паловаю разы і склалі крыху больш за 1 500 машынаў. Між тым, новапабудаваны завод разлічаны на вытворчасць 60 000 аўтамабіляў штогод. Акупнасць гэтага праекту – пад вялікім сумневам.

На пабудову заводу Менск узяў кітайскі крэдыт на $ 160 мільёнаў

Гэта гадавы бюджэт Міністэрства аховы здароўя на медычную дапамогу насельніцтву. Кітайцы таксама ўклалі свае грошы – амаль $ 90 млн. Але, несучы страты ў межах беларуска-кітайскага «Белджы», атрымліваюць дадатковыя прыбыткі, прадаючы машынакамплекты і дэталі гэтаму супольнаму прадпрыемству. Асноўную ж долю стратаў нясе беларускі бок. То бок, рызыкуе кітайскі партнёр удвая меншаю сумаю, чым Беларусь, а прыбыткі, паводле падлікаў выдання naviny.by, можа мець удвая большыя.

Як вынік, калі заводу ўдасца выйсці прынамсі на 10 % сваёй магутнасці, то кітайцы могуць акупіць свае інвестыцыі ўжо праз чатыры гады, а Беларусь – не раней, чым праз чвэрць стагоддзя.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: president.gov.by