Адкрыты ліст падтрымання «Белсату» падпісалі больш за 30 польскіх навукоўцаў, аналітыкаў і журналістаў




 

Галасы з Украіны, Літвы, далёкага замежжа, але перадусім – з Беларусі і Польшчы. Адкрыты ліст падтрымання нашага тэлеканалу падпісалі больш за 30 польскіх навукоўцаў, аналітыкаў і журналістаў, якія штодня маюць дачыненне з усходняю тэмаю. Адзін з падпісантаў – публіцыст Давід Вільдштайн – пераконвае, што самое існаванне «Белсату» – гэта істотная перамога Варшавы на ўсходнім кірунку.

««Белсат» – гэта адзін з нашых нешматлікіх інструментаў, выбачаюся за акрэсленне, гэтак званага «софт-паўэру». І гэта такога «софт-паўэру», які спалучае прынцыповую ідэю ды прынцыповую практыку», – кажа кіраўнік публіцыстыкі на тэлеканале «TVP INFO» Давід Вільдштайн.

Упершыню сітуацыю вакол тэлеканалу пракаментаваў прэзідэнт Польшчы. У інтэрвʼю выданню «Gazeta Polska» Анджэй Дуда таксама падкрэсліў важнасць «Белсату».

«Гэта рашэнне міністра замежных справаў, які праводзіць сваю аўтаномную палітыку. Я бы не хацеў умешвацца ў ягоныя кампетэнцыі. Для мяне важна, каб місія, якую Белсат рэалізоўваў да гэтае пары, працягвалася», – сказаў Анджэй Дуда.

Місія, якая не супадае з кірункам афіцыйных беларускіх медыяў, што ў сваёй працы найчасцей стаяць на баку ўладаў, а не грамадства. Адпаведна, інфармацыю пра магчымае скарачэнне фінансавання «Белсату» яны сустрэлі з непрыхаванаю радасцю. Адмысловы артыкул выйшаў на старонках газеты «Гомельские ведомости» – выдання, якое фінансуецца Гомельскім аблвыканкамам.

«Закліканы ачарніць любыя пастановы афіцыйнага Менску, расейскіх уладаў ды інтэграцыі Саюзнай дзяржавы, «Белсат», як відаць, не даў рады са сваім беспасярэднім заданнем. Адзінае, што сапраўды добра атрымалася ў кіраўніцтва праекту, – гэта сабраць вакол яго фрыкападобных беларускіх нацыяналістаў і русафобаў», – пішуць аўтары гомельскай газеты.

З пазіцыяй праўладнай газеты аднак не пагаджаецца шмат хто з гамельчукоў.

«Белсат глядзім, мая сямʼя глядзіць»

«Белсат зачыняюць, больш няма каго глядзець».

«Абʼектыўна ўсё даносіць да насельніцтва, не хлусяць».

І не толькі даносім інфармацыю, але і дапамагаем. Як у Навабеліцкім раёне Гомля, дзе каля года мясцовыя жылі без святла на вуліцах. У выніку рэканструкцыі электралініяў паўсталі новыя слупы, а вось ліхтары на іх гэтак і не з’явіліся. Сітуацыя змянілася пасля шэрагу сюжэтаў на нашым тэлеканале.

Барацьба за існаванне «Белсату» працягваецца.

«Дзякуй Богу, ліхтары гараць, ясна, зручна. Мы вельмі цешымся, што нам да Новага года зрабілі такі падарунак», – кажуць жыхары Навабеліцкага раёну Гомля.

«Дзякуючы вам, дзякуючы вашаму каналу. Вы першыя, калі паказалі, тады заварушыліся і ОНТ канал, і «Советская Белоруссия». А так прыйдуць, паслухаюць і ўсё так сама».

Падзякі гучаць і пад адмысловаю петыцыяй да польскіх уладаў з просьбаю захаваць фінансаванне «Белсату». Падпісанты – а іх на гэты момант амаль 4 тысячы – падкрэсліваюць важную ролю тэлеканалу, які не толькі звяртае асаблівую ўвагу на праблемы беларусаў, але і актыўна супрацьдзеяць расейскай прапагандзе.

Вольга Жарнасек belsat.eu