Адэскі міжнародны кінафестываль: 5 гадоў падтрымкі для зняволенага Алега Сянцова


Адэса – марская, жывая, розная, як кантрасны душ. У ліпені сюды традыцыйна з’язджаецца ўвесь свет украінскага і еўрапейскага кіно. Сёлета Адэскі міжнародны кінафестываль адбываецца дзясяты раз. Палову гэтага часу – 5 гадоў – рэжысёра Алега Сянцова ўтрымліваюць у калоніі на поўначы Расеі.

З нагадвання пра гэта пачынаецца кожны фільм, што дэманструецца на фестывальных экранах. Юлія Сінькевіч, генеральная прадзюсарка АМКФ:

«Я памятаю, як навіна пра тое, што Алега арыштавалі, сустрэла нас усіх падчас Канскага фестывалю. Тады складана было прагназаваць падзеі, але мы як фестываль адразу пастанавілі, што будзем яго падтрымліваць, мы павесілі плакаты ва ўкраінскім павільёне ў Канах, сабраліся з нашымі замежнымі калегамі, напісалі адкрыты зварот. І з таго часу фэст падтрымлівае Алега».

Рэжысёра памятаюць не толькі на словах. Ва Украіне сабралася каманда і зняла фільм паводле пʼесы, напісанай Сянцовым у няволі. Цяпер фільм «Нумары» праходзіць апошнія падрыхтоўчыя стадыі. Працэс ускладнены тым, што сам рэжысёр прысутнічае ў ім толькі праз ліставанне.

Ганна Палянчук, прадзюсарка фільму «Нумары»:

«Дзякуй тым, хто старанна прытрымліваўся ўсіх маіх інструкцыяў, разбіраючы мой крывы почырк. Дзякуй тым, хто ўстрымаўся ад уласных амбіцыяў».

У лістах, якія пішуцца ад рукі і часта затрымліваюцца турэмнымі цэнзарамі, няма ні слова пра палітыку. У здымачнай групе «Нумароў» жартуюць, што за апошні год турэмшчыкі маглі прайсці падрабязны курс рэжысуры кіно. Праз ліставанне Сянцоў выбіраў і актораў, і рэжысёра, які будзе ягонымі «рукамі» на свабодзе.

Ахтэм Сэйтаблаеў, рэжысёр фільму «Нумары»:

«Вядома, тут шмат сімволікі. Ён з Крыму, я з Крыму. Мы на адным і тым жа фестывалі атрымалі свае прызы – тут жа і пазнаёміліся. У футбол гулялі. Вельмі шмат усяго склалася з пункту гледжання сімволікі, у якую я веру».

«Нумары» – гэта гратэскава-сатырычная антыўтопія, якая распавядае пра існаванне групы людзей у закрытай прасторы. Рэжысёр фільму «Нумары» Ахтэм Сэйтаблаеў распавядае:

«Я яму ўдзячны за тое, што перш за ўсё ён напісаў: рабі, як лічыш патрэбным. Так робіць моцная, упэўненая ў сабе асоба. Ён вельмі акуратна, з хваляваннем падыходзіць да ўласнага матэрыялу, які хацеў бы здымаць сам. Але пры гэтым у яго ёсць сілы сказаць іншаму рэжысёру: рабі, як хочаш».

Для ўдзелу ў конкурсных праграмах Адэскага кінафестывалю ў гэтым годзе падавалі больш за 1100 фільмаў, з іх дырэкцыя адабрала менш за сотню. Магчыма, праз год у конкурснай частцы апынецца і фільм «Нумары», створаны ў няволі.

Адэля Дубавец, belsat.eu