Аб'ектыў 19.10.2018 «Адчуванне, што Лукашэнка прыляцеў не ў Горадню, а ў сірыйскі горад, дзе ўлада належыць «Аль-Каідзе»


«Нават надвор’е сапсавалася з прыездам Аляксандра Рыгорыча. Яшчэ раніцай было сонечна і ясна, а стала пахмурна і туманна» – гэтак жартуюць у сацыяльных сетках з нагоды візіту кіраўніка Беларусі ў Горадню. Абласны цэнтр ён наведаў упершыню з 2014-га года.

Аператыўна косяць траву, прыбіраюць лісце, фарбуюць старыя дамы. Візіты Лукашэнкі ў розныя гарады традыцыйна суправаджаюцца навядзеннем марафету. Горадня не стала выключэннем.

Жыхары Горадні:

«Часцей бы такія марафеты наводзіць, не толькі тут, у грамадскіх месцах».

«У цэлым усё павінна рабіцца без указкі прэзідэнта, каб ён прыязджаў, наганяй тут рабіў нейкі».

Па тым, як рыхтавалі горад, можна было зразумець, куды завітае кіраўнік краіны.

«Учора здзіралі астатнія лісцікі з дрэваў каля ўніверсітэту, стрыглі газоны».

«На даўно закрытай будпляцоўцы студэнцкага інтэрнату з’явілася будаўнічая тэхніка».

«У ГрДУ не дазваляюць спускацца па лесвіцах. Ля кожнага ўваходу стаіць чалавек у цывільным, з рацыяй. Абшукваюць кожнага, хто ўваходзіць у корпус, даглядаюць асабістыя рэчы, вопратку, усё прамацваюць».

Асабліва рыхтаваў сваіх студэнтаў да візіту Лукашэнкі Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Інфармацыяй ад сваіх падпісчыкаў у сацыяльных сетках падзяліўся блогер NEXTA. Сцяпан Святлоў, блогер NEXTA, журналіст:

«Студэнтаў Дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы дрэсуравалі, як слушна падымаць руку, якія пытанні задаваць ды нават загадалі ўзгадняць сваю вопратку».

Людзей на вуліцы амаль няма, на кожным куце – праваахоўнікі, снайперы на дахах. «Атмасфера гораду ў надзвычайным становішчы», пішуць у сацсетках. Анатоль Лябедзька, палітык:

«Такое адчуванне, што Лукашэнка прыляцеў не ў беларускую Горадню, а ў нейкі сірыйскі горад, дзе ўлада належыць якой-небудзь «Аль-Каідзе». З аднаго боку, гэта для кагосьці выглядае смешна, з іншага – гэта ўжо за межамі здаровага сэнсу. Складваецца ўражанне, што Лукашэнка жыве ў нейкім сваім свеце».

Што да візіту, не абышлося без чарговых гучных заяваў.

У прыватнасці, Лукашэнка запрапанаваў накіроўваць студэнтаў у войска на летнія вакацыі. Такім чынам, на ягоную думку, можна змагацца з ухілістамі.

Жыхары Менску:

«Поўная лухта, бо студэнты на вакацыях павінны асвойваць і паўтараць матэрыял ды проста псіхалагічна адпачываць ад вучобы, а войска наадварот псіхалагічна нагнятае сітуацыю».

«Калі падчас вакацыяў, самага любімага часу ў студэнтаў, будуць заганяць у войска, то гэта негатыўна скажацца на настроі ўсіх студэнтаў».

«Як людзям патрэбны адпачынак пасля працы, так і студэнтам ён патрэбны пасля вучобы. То бок гэта дурная ідэя».

На сустрэчы з навучэнцамі ГрДУ Лукашэнка таксама закрануў тэму беларусаў, што зʼязджаюць вучыцца за мяжу. Маўляў, тыя заўжды за мяжою будуць людзьмі другога гатунку. У крыштальна прыбрАным горадзе кіраўнік краіны выказаў здзіўленне, чаму не ўсе хочуць навучацца на Радзіме.

Міхась Ільін, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары