Адбыліся суды над затрыманымі ўчора журналістамі


Чацвёра журналістаў ночылі ў РАУСе, сёння іх судзілі онлайн. Гэта журналісты «Белсату» Максім Калітоўскі і Кацярына Андрэева, аператар тэлеканалу «Настоящее время» Андрэй Ярашэвіч і фатограф-фрылансэр Аляксандр Васюковіч.

«Я спадзяюся, што ўсё скончыцца спрыяльна. У найгоршым выпадку – штраф, а ў найлепшым – спыненне гэтай бессэнсоўнай справы, якая проста зʼяўляецца хлуснёй. Гэта проста хлусня нахабная!», – кажа Кацярына Андрэева.

Напярэдадні Кацярына ўжо прайшла праз суд паводле таго самага абвінавачвання з тым самым вынікам – пратакол на дапрацоўванне. Сёння ўсім журналістам выставілі аднолькавыя абвінавачванні: удзел у мітынгу і выкрыкванне лозунгаў. Артыкул 23.34 Кодэксу адміністрацыйных парушэнняў Беларусі.

«З усіх матэрыялаў справы там, па сутнасці, былі чатыры паперы, напісаныя як пад капірку, з аднымі і тымі ж арфаграфічнымі памылкамі. Гэта два сведчанні амапаўцаў, адзін рапарт і пратакол», – расказвае адвакат Сяргей Зікрацкі.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у паслявыбарчы час пад розныя віды пераследаў – затрыманні, штрафы, збіццё – журналісты падпадалі 140 разоў. Усе гэтыя выпадкі датычаць толькі незалежных і замежных журналістаў. Пра асаблівае стаўленне да журналістаў дзяржаўных медыяў кажуць і тыя, каго ўчора затрымалі.

«Зайшоў працаўнік і гучна спытаў, ці ёсць журналісты Russia Today або БелТА. Ніхто не ўстаў, таму што сярод нас іх не было. Ну, а хто быў – проста пасмяяліся», – дзеліцца журналіст каналу «Настоящее время» Раман Васюковіч.

Міністр унутраных справаў Юрый Караеў яшчэ 12 жніўня пракаментаваў брутальныя затрыманні журналістаў і заявіў, што перашкодаў у працы больш не будзе. Але пасля гэтых словаў адбыліся не менш за 52 выпадкі пераследаў прадстаўнікоў незалежных медыяў.

«Няма ніякіх пытанняў, што гэта павінна трапляць пад крымінальную адказнасць: парушэнне правоў журналістаў і замінанне іхнае працы. І БАЖ сёння звярнуўся да следчага камітэту, каб распачалі такую крымінальную справу. Гэтая сістэма робіць усё, каб грамадзяне не даведаліся, як і што адбываецца на акцыях пратэсту», – лічыць юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

БАЖ заклікае ўсіх калег, якія падпалі пад пераслед праз сваю прафесійную дзейнасць, звяртацца ў Следчы камітэт з заявамі аб распачынанні крымінальнае справы. Суды над затрыманымі ўчора журналістамі скончыліся адпраўленнем спраў на дапрацоўванне. Увечары з будынку РАУСу ўсіх адпусцілі. Журналіст «Белсату» Максім Калітоўскі дзеліцца:

«Гэта затрыманне было незаконным з пункту гледжання логікі і маралі. Мы правялі тут содні ўчатырох, і на нас склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34. Будзем чакаць нейкай адэкватнай рэакцыі ад РАУСу. Хай дапрацоўваюць і, напэўна, гэта ўсё закрываюць».

Але пераследы журналістаў «Белсату» працягваюцца. Сёння вынесеная пастанова ў дачыненні да нашае калегі Таццяны Уласенкі за здыманне сюжэту пра краму Symbal.by. Пастанова суда – штраф 40 базавых велічынь.

Алена Дубовік, «Белсат»