Адбыліся новыя затрыманні пасля акцый недармаедаў




Затрыманні, збіццё ды арышты працягваюць абураць беларусаў. Міліцыя са свайго боку робіць усё магчымае, каб схаваць ад людскіх вачэй масавыя пратэсты. Толькі гэтым можна патлумачыць апошнюю хвалю брутальнага ціску на журналістаў.

Пераслед працаўнікоў незалежных медыяў атрымлівае ўсё новыя жорсткія формы. Журналістцы Ларысе Шчыраковай пагражаюць забраць сына. Днямі яна атрымала чарговы штраф нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. А да гэтага журналістку неаднойчы прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці паводле абвінавачання ў незаконным распаўсюдзе прадукцыі медыяў. Ларыса Шчыракова не выключае, што ейнай сям’і могуць надаць статус сацыяльна небяспечнага стану.

Незалежнага журналіста Кастуся Жукоўскага затрымалі падчас падарожжа ў Мазыр на акцыю сацыяльнага пратэсту. З самага пачатку за машынаю Кастуся сачылі.

«Праехаўшы тры кіламетры, бачу, яны едуць за намі. Спынілі нас мігалкамі і сказалі, што мы парушылі правілы», – распавялае Кастусь.

Аднак на гэтым не скончылася. Міліцыянты патрабавалі адкрыць багажнік для праварання. Калі Жукоўскі адмовіўся гэта рабіць без сведкаў, яго з калегам некалькі гадзінаў пратрымалі на дарозе.

Вобшук усё ж такі адбыўся. На якой падставе – ніхто не тлумачыў. Вядома было адное: на акцыю ўжо не паспець.

Сёння адбыліся чарговыя затрыманні. У Баранавічах яшчэ да акцыі ў пастарунак трапіў сябра прафсаюзу РЭП Рыгор Грык, а таксама грамадскі актывіст і прадпрымальнік Мікалай Чарнавус старэйшы.

У сеціве працягваецца акцыя блогу «Народны рэпарцёр». У інтэрнэт выкладаюць паштоўкі з выявамі гэтак званых «народных герояў». На здымках міліцыянты, якіх заўважылі падчас хапуноў, складання пратаколаў ці фальшывых сведчанняў у судзе. У сваю чаргу апазіцыя патрабуе тэрміновай адстаўкі самога кіраўніка МУС Ігара Шуневіча. З адпаведнаю заявай выступіў сойм партыі БНФ. Апаненты ўлады заклікаюць спыніць пераслед ды вызваліць усіх арыштаваных.

Ян Бабіцкі, belsat.eu