Ад зімы – толькі назва. У Беларусі дагэтуль кліматычная восень


Тэмпература ў снежні – на 5,2°С вышэйшая за норму! У Беларусі яшчэ не распачалася кліматычная зіма. Сярэдняя тэмпература паветра ў басейнах рэк складае ў сярэднім 1,9°С. Пра гэта паведамляе Белгідраметцэнтр. Як рэагуе на глабальныя кліматычныя змены прырода і, што немалаважна, гаспадарка?

Студзень, але на сцюжу толькі намёк. 6 студзеня ў Менску ад нуля да мінус аднаго і лёгкі снег: гэтай зімою – хутчэй выключэнне, чым правіла.

«Хочацца, каб зіма была зімоваю – з санкамі, са снегам. Каб адчувалі мы зіму, мароз, каб хацелася нос схаваць!»

«Гэта адбіваецца на ўсім, у тым ліку на самаадчуванні».

«Гэта калі не першая праблема на гэты момант, то ў ТОП-5, таму што мне яшчэ тут жыць».

«Калі мне захочацца канадскай ці сібірскай зімы, я папросту сяду ў самалёт ці на цягнік і паеду туды, дзе мне падабаецца», – кажуць жыхары Менску.

Паводле сіноптыкаў Гідрамету, сярэдняя тэмпература ў снежні была на 5,2°С вышэйшаю за кліматычную норму і склала каля 2°С. Тэмпературы ў верасні-лістападзе перакрочвалі нормы на 2, 3 і 4° адпаведна, што здараецца раз на 15 гадоў!

Цягам гэтага часу тэмпература ўзнялася на 0,8°С, пры гэтым найцяплейшымі сталіся 4 апошнія гады. У мінулым стагоддзі Беларусь мела 3 кліматычныя зоны, цяпер мае 5. Рэагаваць на змены трэба хутка.

«У Беларусі дзве галіны – сельская гаспадарка і лясная гаспадарка – належаць да так званых кліматазалежных галінаў. Клімат будзе змяняцца, а мы павінныя аналізаваць, як клімат будзе ўплываць на сітуацыю ў Беларусі», – тлумачыць Марыя Фалалеева, старшыня Цэнтральнай Рады ГА «Экапраект».

Марыя Фалалеева прывяла прыклад, што даты пасяўной і дажынак не могуць быць аднолькавыя для ўсіх гаспадарак. Празмерна цёплае лета патрабуе перабудовы сістэмаў ачышчэння вады, і гэтак далей:

«Трэба будаваць вугляродныя рынкі, будаваць больш дасканалую інвентарызацыю выкідаў парніковых газаў, будаваць эфектыўную сістэму адаптацыі ацэнкі рызыкаў, ацэнкі ўплываў на розныя галіны гаспадаркі», – лічыць экспертка.

Паводле рэйтынгу паляпшэння кліматычнай палітыкі ў свеце арганізацыі «Germanwatch», у 2018 годзе Беларусь займала 29-е месца, а летась апусцілася на 40-ую пазіцыю. Значыць, моцна адстаём ад намаганняў іншых, перадусім еўрапейскіх краінаў. Апроч эканамічных наступстваў для людзей, гэта стварае праблему міграцыі для звяроў і птушак, якія ідуць за зменамі ў флоры.

Аляксандр Вінчэўскі з арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» кажа:

«Мільёны гадоў таму, калі клімат змяняўся, праблемаў не было. Яны свабодна рухаліся на поўнач ці на поўдзень. Экасістэма была не перарваная. А зараз мы маем паўсюль дарогі, гарады, лясы ў нас масівамі. Яны не могуць рухацца».

Мігрыруюць звяры і поры года – у сучасным календары. Апошняе кліматычнае лета ў Беларусі доўжылася ажно 4 месяцы – да сярэдзіны верасня. Пераходу на зімовыя тэмпературы яшчэ не адбылося, таму і кліматычная восень доўжыцца амаль столькі ж… і разам з намі святкуе Каляды.

Юлія Цяльпук belsat.eu