Аб'ектыў 08.03.2018 Ад Украіны да Філіпінаў. Як свет адзначыў 8 сакавіка


У Расеі сёння выходны. Жанчыны прымаюць раптоўныя віншаванні ад аўтаінспектараў проста пасярод дарогі ды ад Уладзіміра Пуціна па тэлебачанні. Прэзідэнт Расеі прачытаў верш і, сярод іншага, пахваліў грамадзянак за шматдзетнасць.

Ва Украіне больш і свабодаў, і палітычнай актыўнасці

У Кіеве на маршы за правы жанчын некалькі соцень асобаў – у тым ліку мужчыны – выступілі супраць зняважлівага стаўлення да жанчын і хатняга гвалту ў любых праявах, за роўную аплату працы і роўныя правы ў палітыцы.

«З кожным годам нас становіцца ўсё больш, і я спадзяюся, што рыторыка ў Вярхоўнай Радзе з нянавісцю да жанчын, дыскрымінацыяй, адпраўкай жанчын усіх у дэкрэт, яна спыніцца, і яны будуць выконваць сваю працу добра, адпаведна закону і Канстытуцыі», – кажа ўдзельніца маршу ў Кіеве Алёна Швяцова.

«Я маю два магістарскія дыпломы, і я згадваю, як мне з дзяцінства сваякі казалі, што жанчына не можа быць пісьменніцай і рэжысёркаю, а я рэжысёрка і спецыялістка ў камунікацыях. Я прыйшла сюды сказаць, што гэта няпраўда, што жанчына чагосьці не можа, ёсць лаўрэаткі Нобэлеўскай прэміі, а з трох найбагацейшых пісьменнікаў свету дзве – пісьменніцы», – звяртае ўвагу яшчэ адна пратэстоўца Нін Худорыўска.

Пра пагрозы правам жанчынаў сёння казалі ў розных краінах свету

Гэтак, у Маніле прайшла дэманстрацыя супраць Радрыга Дутэртэ. Прэзідэнт Філіпінаў не толькі праводзіць палітыку масавых забойстваў падазраваных у распаўсюдзе наркотыкаў без суда і следства. Нядаўна ён загадаў вайскоўцам страляць па палавых органах жанчын з атрадаў камуністычных паўстанцаў.

«Мы змагаліся супраць сексізму, за правы жанчын доўгі час, у нас было так шмат поспехаў, а цяпер кіраўнік краіны паводзіць сябе ў антыжаночай манеры, як сексіст, як самец, а не мужчына. І ён толькі ўзмацняе дыскрымінацыю жанчын», – абураецца лідарка пратэсту ў Маніле Мэй Буэнавэнтура.

У Індыі жанчыны выступілі супраць сексуальнага гвалту з дапамогай моды

У горадзе Тханэ на захадзе краіны на паказе адзення мадэлямі выступілі жанчыны, якія выжылі пасля кіслотных атакаў. У Індыі штогод адбываецца каля тысячы нападаў з кіслатой на жанчын, якія адмовілі жаніху або падазраваліся ў нявернасці.

«Мне не трэба асобная павага, мне трэба роўнасць, бо мы змагаемся толькі за роўнасць, а людзі на гэта забыліся. Калі будзе роўнасць, такія злачынствы таксама могуць спыніцца», – даводзіць пацярпелая ад кіслотнай атакі актывістка Лакшмі.

У Еўразвязе жанчынам таксама яшчэ ёсць за што змагацца

«Асабіста мне пашанцавала, бо я не заўважаю ніякай дыскрымінацыі на працы. Але як заўжды, усе кіроўныя пасады пераважна занятыя мужчынамі. Гэта праблема, якой людзі звычайна не заўважаюць», – дзеліцца Наэмі Санчэс, інжынерка і ўдзельніца роварнага пратэсту ў Мадрыдзе.

З нагоды Міжнароднага жаночага дня ў Мадрыдзе дэманстранткі перакрылі дарогу. У Рыме жаночая арганізацыя і прафсаюз транспартнікаў правялі частковы страйк – там кепска працавалі метро і аўтобусы. Але ўсё прайшло мірна.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары