Аб'ектыў 05.10.2019 Ад сёння і да чацвярга праваабаронцы праводзяць кампанію супраць смяротнага пакарання


Нашая краіна па-ранейшаму адзіная ў Еўропе, дзе людзей забіваюць на загад дзяржавы. Праваабаронцы выступаць супраць гэтага, улады – за, а што на гэта простыя жыхары краіны?Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе і нават у СНД, дзе прымяняецца смяротнае пакаранне.

Паводле падлікаў праваабаронцаў, усяго з 1991 года ў нашай краіне паводле выраку суда расстралялі каля 400 чалавек. Напрыканцы жніўня стала вядома, што Беларусь і Рада Еўропы выпрацуюць дарожную мапу для адмены смяротнага пакарання.

«Пакуль што гэта ўсё словы. Мы зможам казаць, што сітуацыя змянілася, калі будзе ўведзены мараторый як першы крок да адмены смяротнага пакарання», – кажа Андрэй Палуда з праваабарончага цэнтру «Вясна», каардынатар кампаніі «Супраць смяротнага пакарання ў Беларусі».

Але для ажыццяўлення такога пастулату найперш патрэбная палітычная воля кіраўніка краіны. Той жа зазвычай спасылаецца на вынікі рэферэндуму 1996 года, які, між іншым, не быў прызнаны АБСЕ, Радай Еўропы і Еўразвязам.

Афіцыйны вынік, агучаны ЦВК, сцвярджаў, што 80 % выступілі супраць адмены найвышэйшай меры пакарання.

А вось адказы апытаных намі жыхароў сталіцы:«Пазбаўляць людзей жыцця – гэта, напэўна, не па-людску».

«Я лічу, што людзей, якіх караюць, можна выкарыстоўваць для трансплантацыі органаў і ўратаваць іншых людзей, таму я цалкам за».

«Адымаць жыццё ў чалавека можа толькі Бог. А раптам нейкія памылкі…»

«Як бы Вы аднесліся да таго, каб нехта забіў вашае дзіця ці вашае сяброўкі? Як бы вы аднесліся?»

«Сказаць «так» – нібыта дрэнна, я за смерць. Сказаць «не», разумееце, ёсць такія ў наш час адмарозкі, разумееце, іх назваць чалавекам нельга».

Праваабаронцы ж сцвярджаюць: кара смерцю – дзікунскі від пакарання. Цягам бліжэйшага тыдня яны правядуць шэраг імпрэзаў, накіраваных супраць смяротнага пакарання. Гэта і канцэрты, і прагляды фільмаў, і адмысловыя дыскусіі. Месцы правядзення: Менск, Магілёў, Горадня. Дакладны расклад можна пабачыць на сайце spring96.org.

«Тое, што мы праводзім публічныя мерапрыемствы, – гэта вельмі добра. Гэта выклікае дыскусіі ў грамадстве. Калі гэта выклікае дыскусіі ў грамадстве, гэта значыць, што грамадства становіцца больш спелым у гэтым пытанні», – тлумачыць праваабаронца Андрэй Палуда.

Завершыцца кампанія ў Менску паказам фільму «Свабодныя людзі» ў чацвер 10 кастрычніка а 18:30 у кінатэатры «Піянер». Бясплатную дэманстрацыю стужкі арганізуе амбасада Швейцарыі, якая, разам з яшчэ больш як ста сарака краінамі свету, прайшла свой шлях да адмены смяротнага пакарання.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары