«Ад сваё пазіцыі мы не адступім»: адлічаныя студэнты судзяцца з універсітэтамі


Пра сваё адлічэнне Марына, студэнтка 4-га курсу факультэту культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў, даведалася выпадкова. 27 кастрычніка ў яе перастаў спрацоўваць пропуск.

Лёс дзяўчыны раздзялілі яшчэ 17 студэнтаў універсітэту. Свайго рашэння адміністрацыя вышэйшай навучальнай установы не патлумачыла.

«З загадам нас не азнаёмілі. Паказалі толькі выпіску з загаду, дзе ўказана, што мы адлічаныя за грубае парушэнне ўнутранага распарадку. У адказе на просьбу падаць усе матэрыялы, датычныя справы, указана, што не могуць нас азнаёміць з загадам, так як там пералічаныя іншыя адлічаныя», – распавядае Марына, адлічаная з БДУКіМ.

У спісах на адлічэнне апынулася і Маргарыта, аднагрупніца Марыны, хаця абедзве дзяўчыны дагэтуль не мелі заўваг ды папярэджанняў ні ў навучанні, ні за дысцыпліну.

«Нічога да гэтага не было. Больш за тое, у гэтым годзе я атрымала зніжку на навучанне і нічога не прапускала, у прынцыпе, былі навуковыя працы. І калі цябе адлічваюць за тое, што ты прапусціў 40 хвілінаў пары, з якой ты адпрасіўся, гэта максімальна дзіўна», – дзеліцца былая студэнтка БДУКіМ Маргарыта.

Студэнты звярнуліся з калектыўным пазовам у суд. Першае паседжанне для азнаямлення са справаю сёння прайшло ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску. Прадстаўнікі ўніверсітэту прызналі, што прычынай адлічэння стаў удзел студэнтаў 26 кастрычніка ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Гэтым самым яны груба парушылі ўнутраны распарадак ды праявілі непавагу да адміністрацыі навучальнай установы – мяркуе кіраўніцтва ВНУ. Аднак, як зазначае адвакат Сяргей Зікрацкі, у Кодэксе аб адукацыі такая жорсткая мера спагнання, як адлічэнне, прадугледжваецца пры сістэматычным, неаднаразовым парушэнні.

«Пазіцыя ўніверсітэту была такая, што акрамя Кодэксу аб адукацыі па аналогіі прымянілі Працоўны кодэкс, які мае магчымасць стасаваць такую меру дысцыплінарнага спагнання, як звальненне, за аднакротнае парушэнне. Але ў нас наўпрост забаронена заканадаўствам стасаваць аналогію да мераў адказнасці», – тлумачыць адвакат Сяргей Зікрацкі.

Гэта не адзінкавы выпадак, калі адлічаныя звяртаюцца ў суды. Гэтак, учора ў судзе Савецкага раёну сталіцы разглядалі справы былых студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту Уладзіміра Далецкага і Антона Янецкага.

«Ёсць Кодэкс аб адукацыі, які неаднаразова ўжо наш універсітэт гэтым адлічэннем парушыў. Шмат прайшло парушэнняў падчас працэдуры і таксама падчас афармлення дакументаў. Груба кажучы, менавіта парушэнняў з адлічэннем зашмат. І БНТУ, наш універсітэт, адміністрацыя нашага ўніверсітэту на гэта ўсё начхала», – кажа былы студэнт БНТУ Уладзімір Далецкі.

«Калі ты выступаеш супраць ці кіраўніцтву ўніверсітэту падаецца, што ты нейкі не такі, падтрымліваеш другі бок, хочаш нейкіх зменаў і іншага, то на цябе будзе ціск, бо ты не падыходзіш пад характарыстыкі іхнага нармальнага студэнта», – разважае адлічаны з БНТУ Антон Янецкі.

На думку прадстаўніцы Свабоднага прафзвязу беларускага Марыі Тарадзецкай, якая рэпрэзентуе інтарэсы студэнтаў, рашэнні аб адлічэнні маюць выключна палітычныя падставы.

«З’явілася такая папера, нам учора зачыталі, пра тое, што будзе стварацца камісія па замене дысцыплінарнага спагнання: з адлічэння хутчэй за ўсё на вымову. З такой пазіцыяй ВНУ мы таксама не згодныя. Нашыя патрабаванні застаюцца нязменнымі. Мы патрабуем адмены незаконнага загаду», – зазначае прадстаўніца Свабоднага прафзвязу беларускага Марыя Тарадзецкая.

Агулам па краіне адлічылі ля двухсот студэнтаў. Найбольшая колькасць – 53 маладзёны – з БНТУ. Больш за дзясятак – з Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту, 6 студэнтаў – з Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў