Ад штрафаў да чатырох гадоў зняволення: новыя пакаранні для актыўных беларусаў


Больш за месяц да суда Максім Паўлюшчык правёў у зняволенні. Яго, як і Марыю Бабовіч, затрымалі паводле крымінальнага абвінавачання: аднаўляў выраз «не забудзем» на месцы народнага мемарыялу Аляксандру Тарайкоўскаму ў Менску. Між тым сёння іх спадзяваліся пабачыць на волі. Замест першапачаткова заяўленых сямі з паловаю тысячаў памер шкоды ацанілі на 211 рублёў, што ўжо не падлягае пад крымінальнае злачынства. Суд жа адмовіўся змяніць меру стрымання.

«Я не лічу, што за надпіс мусяць саджаць людзей наагул. Тое, што яны напісалі на асфальце, не лічыцца нецэнзурнай лексікай», – кажа грамадзянская жонка Максіма Паўлюшчыка Вікторыя.

Артыкулы, паводле якіх праходзяць абвінавачваныя, прадугледжваюць да 10-ці гадоў зняволення. Са словаў адваката Максіма Паўлюшчыка, пры аплаце матэрыяльнай шкоды максімальны тэрмін не мусіць перавышаць пяці гадоў. У Паўлюшчыка – цяжарная жонка і хворыя бацькі.

«Ён не хоча, каб нарадзілася дзіця і ён яго не гадаваў… Ён хоча гадаваць, ён хоча любіць, ён хоча жыць», – кажа Святлана Паўлюшчык, маці Максіма Паўлюшчыка.

На чатыры і два гады калоніі асудзілі Ігара ды Алега Букасаў. Гэта бацька і сын з Бабруйску.

10-га жніўня яны сталі сведкамі, як працаўнікі ДАІ на просьбу жанчыны адмаўляліся адпусціць кіроўцу прыпаркаванага аўта. Вакол было шмат бабруйцаў. Пацікавіцца падышлі і яны, у выніку іх затрымалі.

«Мы жывём у такой краіне, што трэба дазвол запытваць, дзе хадзіць, дзе гуляць. Калі чалавек ляжыць, цяпер яго трэба пераступіць і ісці, не падыходзіць. Калі чалавек просіць аб дапамозе, таксама не трэба падыходзіць. Бо падыдзі – на чатыры гады пойдзеш», – мяркуе жонка і маці асуджаных Алена Букас.

Штрафам 270 рублёў за нібыта заклік да несанкцыянаванага мерапрыемства – блакавання дарог – пакаралі пінчанку Аксану Шыкелю. Падставаю сталася гутарка ў тэлеграм-чаце «Пинск для жизни» пра памяць аб забітым Рамане Бандарэнку.

«Уся краіна хацела ўшанаваць ягоную памяць, у тым ліку хацеў далучыцца Пінск. Абмяркоўвалі, як гэта можна зрабіць. У групе я напісала, што хто за стырном, могуць спыніцца на хвіліну маўчання, а 12:01 – пасігналіць», – кажа жыхарка Пінску Аксана Шыкеля.

Тыдзень арышту – такое пакаранне суддзя Першамайскага раёну Віцебску Вераніка Барысава вынесла Сафіі Цярэнцьевай. Мікіта Разумаў атрымаў штраф 108 рублёў. У справе Наталлі Перуновай паседжанне перанеслі. Усе яны ў аўторак выйшлі на марш у сваіх раёнах, 72 гадзіны да суда правялі ў ізалятары.

«Не далі забраць асабістыя рэчы, якія можна было забраць. Напрыклад, расчоска пластыкавая, адмысловая, якую можна ўзяць. Вільготныя сурвэткі, таблеткі не далі», – распавяла жыхарка Віцебску Наталля Перунова.

«Выскачылі невядомыя людзі з мікрааўтобусаў. То бок не называліся, не крычалі «стой, міліцыя». Людзі пачалі бегчы. Дагнаў мяне працаўнік АМАПу», – кажа жыхар Віцебску Мікіта Разумаў.

Не толькі адміністратыўны, але і крымінальны пераслед супраць актыўных грамадзянаў улады пачалі ўжываць пасля прэзідэнцкіх выбараў. Цяпер за кратамі застаюцца 144 асобы, якіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Бахвалава («Белсат»), Дар’я Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY). Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх. Куды пісаць:

  • Кацярына Бахвалава: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
  • Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
  • Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!