Ад Ніла Гілевіча да Алены Анісім: 30 год Таварыству беларускай мовы


Юбілейную дату пачынае святкаваць Таварыства беларускай мовы. Роўна 30 год таму ў Менску прайшоў Устаноўчы з’езд ТБМ. Сёння кіраўніцтва арганізацыя запрасіла журналістаў на сустрэчу, каб прыгадаць, што было зроблена за гэтыя гады, ды каб агучыць новыя прапановы.

«Наступны прыпынак «Менск Паўночны». Асцярожна, дзверы зачыняюцца».

Тое, што ў кожным электравіку ў Беларусі гучыць беларуская мова, перадусім вынік шматгадовых высілкаў грамадскага аб’яднання Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Устаноўчы зʼезд арганізацыі адбыўся роўна 30 гадоў таму.

«Якраз у гэты час людзі патрабавалі змяніць Закон аб мовах, каб у БССР была адна дзяржаўная мова – беларуская. На гэтай хвалі Ніл Гілевіч прапанаваў стварыць арганізацыю пад назвай ТБМ, якая б гэтаму спрыяла», – распавядае ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Кіраўнікамі арганізацыі ў розны час былі вядомыя паэты Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін, а адчувальныя сведчанні дзейнасці Таварыства для захавання ды папулярызацыі беларускай мовы можна ўбачыць у розных мясцінах Беларусі: як помнік літары «у нескладовае» у Полацку ці памятная табліца на доме Янкі Брыля ў Менску, беларускамоўныя білборды ці інфармацыйныя дошкі. Дзякуючы ТБМ паўстаў і наш тэлеканал.

«Два чалавекі: мой намеснік Сяржук Кручкоў і адзін з самых вядомых тэлежурналістаў БССР Эдуард Мельнікаў – распрацавалі канцэпцыю, потым я гэтую канцэпцыю прадставіў амбасадарам Еўразвязу, пазней далучыліся польскія палітыкі», – працягвае Алег Трусаў, ганаровы старшыня ТБМ.

У найлепшы час колькасць чальцоў ТБМ сягала 30 тысячаў, цяпер у арганізацыі – 6,5 тысяч сяброў, людзей розных нацыянальнасцяў, якія любяць беларускую мову.

«Самы стары сябра быў Барыс Кіт, ён пражыў 107 гадоў. З самых ганаровых і вядомых – гэта Радзім Гарэцкі, Генадзь Лыч: ад 14 да 90 гадоў», – кажа Алег Трусаў.

Таварыства беларускай мовы выпускае летапіс арганізацыі, 2 газеты, некалькі часопісаў і нават заснавала прыватны беларускамоўны ўніверсітэт. Алена Анісім, старшыня ТБМ:

«Мы хочам, каб гэтая ўстанова стала прыцягальнай для выпускнікоў беларускіх гімназіяў, класаў, бо дагэтуль такой перспектывы ў іх не было».

Найбольш актуальны клопат арганізацыі на гэты момант – перапіс насельніцтва, адно з пытанняў якога датычыць роднай мовы.

«Нашыя продкі былі годныя людзі, за сваю свабоду змагаліся, давайце і мы не са зброяй у руках, а проста пазначэннем роднай мовай беларускай абаронім сваю краіну», – кажа старшыня ТБМ Алена Анісім.

Цяпер ТБМ змагаецца за выкарыстанне беларускай мовы ў сферы заканадаўства, інфармацыі ды адукацыі і па-ранейшаму намагаецца бараніць права беларусаў карыстацца роднаю моваю ва ўсіх сферах жыцця.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu