Ад Курапатаў да Акрэсціна


Ноч расстраляных паэтаў – ушанаванне памяці дзеячаў культуры, забітых сталінскімі ўладамі, пройдзе сёлета ў новым фармаце. Што змянілася і чаму акцыя набыла новы сэнс?

Чацверты раз у Курапацкім лесе запаляць знічы і будуць чытаць вершы. Паэты Алесь Дудар і Тодар Кляшторны, пісьменнік Платон Галавач і яшчэ 103 літаратары, універсітэцкія выкладчыкі, святары былі расстраляныя 28 і 29 кастрычніка ў сумнавядомай турме «Амерыканка» ў 1937 годзе.

«Мы вырашылі, што канцэпцыя сённяшняй акцыі будзе гучаць: «Курапаты – Акрэсціна, звёны аднаго ланцугу». Людзі, якія ляжаць тут, – гэта ахвяры несправядлівых судоў, гэта ахвяры гвалту, гэта ахвяры прававога дэфолту», – паведаміла настаўніца і літаратарка Ганна Севярынец.

Тры гады запар «Ноч расстраляных паэтаў» арганізоўваў і праводзіў грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч. Сёлета яго на акцыі не будзе. У нядзелю падчас Маршу салідарнасці яго затрымалі ды пакаралі 15 соднямі арышту.

«Сярод нас няма такога чалавека, які б адзін справіўся з арганізацыяй, таму давялося падзяліць сферы адказнасці. Але ўсё адно гэтая акцыя мусіць адбыцца», – упэўненая Ганна Севярынец.

На судзе Зміцер Дашкевіч распавёў пра нялюдскія ўмовы ў ізалятары на Акрэсціна. Людзі спяць на бетоннай падлозе, у камерах няма вады. Толькі падчас нядзельнай акцыі пратэсту сілавікі затрымалі каля 600 асобаў. Спіс затрыманых за тры месяцы пераваліў за 10 тысячаў. Амаль 400 чалавек зрабіліся фігурантамі крымінальных справаў.

«Усе найлепшыя гісторыкі прайшлі праз рэпрэсіі. Іх затрымлівалі, яны сядзелі на «соднях» або атрымалі штрафы. Гэта датычыць і спартовай эліты, і паэтаў, і пісьменнікаў. Усе слаі беларускага грамадства, але асабліва – эліта культуры, да якой больш увагі, цяпер пад ударам рэпрэсіяў», – абураны гісторык Зміцер Дрозд.

Даследнік Леанід Маракоў падлічыў, што з 1936 да 1939 года камуністычныя ўлады забілі, кінулі ў турму або выслалі 80 % беларускіх літаратараў, кожнага трэцяга настаўніка і ўсіх святароў. Ці варта памятаць такія змрочныя старонкі гісторыі?

«Вядома! Каб нашая моладзь ведала, што былі паэты і былі расстрэлы ў 1937 годзе. А то ў нас моладзь і гэтага не ведае!»

«Трэба абавязкова памятаць пра гэта, бо калі мы забудзем, то гэта можа паўтарыцца».

«Беларусам, нацыі, якая згуртавалася пасля апошніх падзеяў, варта памятаць пра такія чорныя плямы гісторыі».

«У трыццаць сёмым годзе былі знішчаныя паэты – твар таго часу. Ды і цяпер, лічы, адбываецца тое самае», – адказваюць жыхары Пінску.

У Курапатах ляжаць не менш за 30 тысяч расстраляных. Паводле гісторыкаў, у Беларусі сталінскія ўлады рэпрэсавалі кожнага дзясятага – 600 тысяч чалавек. 200 тысячаў з іх загінулі. Архівы КДБ, у якіх ляжаць дакументы пра злачынствы тых часоў, застаюцца засакрэчанымі.

Аляксандр Папко, «Белсат»