Ад фаварыткі Лукашэнкі да БРСМ-аўца ў гімнасцёрцы – хто ідзе на выбары?


Трохі больш за 2 месяцы засталося да выбараў у Палату прадстаўнікоў, і ўжо вядома, хто выстаўляе свае кандыдатуры на пасаду дэпутата. Сярод прэтэндэнтаў ёсць і маладая спадарожніца Аляксандра Лукашэнкі, «Міс Беларусь 2018», і партыйныя функцыянеры-вертыкальнікі, і прадстаўнікі апазіцыі. Чаго чакаць ад удзельнікаў ды самога выбарчага працэсу?

Яшчэ 3-х гадоў працы не прайшло для дэпутатаў Шостага склікання, а ў Палаце прадстаўнікоў ужо збіраюць рэчы, прынамсі тыя, хто не ідзе на наступныя выбары. Дэпутаты арганізавана рыхтуюцца прыняць усе законапраекты, раней прынятыя ў першым чытанні.

Выбарчай інтрыгі няма, як, паводле палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, няма ў нас і сапраўднага аддзялення заканадаўчай улады. Затое ёсць дэкаратыўная функцыя парламенту:

«Наперадзе важныя для Аляксандра Лукашэнкі рашэнні, якія датычаць гэтак званай паглыбленай інтэграцыі ды анансаваных зменаў у Канстытуцыі. І дзеля гэтага яму, натуральна, патрэбны лаяльны парламент. Таму выбары будуць пад татальным кантролем вертыкалі, і мыш не праслізне».

Кіраўнік дзяржавы яшчэ 19 красавіка даў дэпутатам устаноўку на правільныя выбары.

«Краіне патрэбны дзейны, актыўны, моцны парламент… Але без дурніны, без забору крыві, без дэбатаў на стадыёнах і іншага», – загадваў Лукашэнка ў пасланні да парламенту і народу.

Лукашэнка намякае на выбары прэзідэнта Украіны, але ў нас ёсць сваё кабарэ з гумарыстамі. У сталічнай Кальварыйскай акрузе ў дэпутаты будзе балатавацца 21-гадовая Марыя Васілевіч. Пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка асабіста падрыхтаваў яе, Васілевіч перамагла ў конкурсе «Міс Беларусь 2018», і цяпер суправаджае яго на афіцыйных і неафіцыйных мерапрыемствах.

Лукашэнка танчыць з Васілевіч вальс, абдымае яе на хакеі, вучыць калоць дровы і нават называе «дзеткай». Таксама з вядомых асобаў у Палату прадстаўнікоў плануе трапіць і былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, і былы старшыня «Белтэлерадыёкампаніі», а цяпер старшыня праўладнай «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, і першы сакратар Менскага гаркаму БРСМ Сяргей Клішэвіч.

Клішэвіч вядомы актыўным удзелам у штурханіне на адкрыцці помніку Леніну каля Менскага трактарнага заводу. Клішэвіч дапамагаў міліцыянтам затрымліваць удзельнікаў антыкамуністычнага пратэсту.

Высоўванне праўладных кандыдатаў – спланаваны і кансультаваны працэс, падкрэслівае Аляксандр Класкоўскі. А ў апазіцыі матывы розныя:

«Хтосьці на першы план ставіць працу з людзьмі, прапаганду праграмаў, пашырэнне актыву, а для кагосьці гэта нагода зноў паказаць, што ніякіх выбараў няма, што зноўку нас несправядліва зрэзалі», – тлумачыць палітычны аглядальнік.

Сярод аптымістаў – дзейныя дэпутаткі Ганна Канапацкая і Алена Анісім, адзіныя, хто можа назваць сябе не прыхільніцамі дзейнай вертыкалі. Яны будуць балатавацца зноў.

«Калі правільна стварыць кампанію па лабіяванні і адвакатаванні таго ці іншага законапраекту, то можна змяніць сітуацыю і ў рэгіёне, і палітычную, эканамічную сітуацыю ў Беларусі ў цэлым», – упэўненая Ганна Канапацкая.

Але і яны не мелі магчымасці паўплываць на большасць дэпутатаў, якая не супрацьстаяла ні дэкрэту аб гэтак званых дармаедах, ні жорсткаму закону аб масавых мерапрыемствах, фактычна – забароне любых акцыяў пратэсту.

«У людзей, што прыйшлі з органаў кіравання, з дзяржаўных установаў, у іх ёсць унутранае галасаванне, яны вельмі рэдка галасуюць супраць законапраектаў, прапанаваных міністэрствам ці Саветам міністраў», – тлумачыць унутраную «кухню» Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Выбары дэпутатаў будуць размінкай перад прэзідэнцкімі, мяркуе Аляксандр Класкоўскі. І ў гэтым выпадку дапусціць у Палату прадстаўнікоў пару апазіцыянераў не будзе пагрозаю для вертыкалі ўлады.

Яраслаў Сцешык belsat.eu