Ад аршанкі патрабуюць заплаціць 6000 рублёў за кватэру, у якой яна ніколі не жыла


Восем гадоў таму Маргарыта Хацеева, маючы статус сіраты, атрымала ад дзяржавы жыллё. Але ў двухпакаёўцы, якая месціцца за 30 кіламетраў ад Воршы ў вёсцы Якаўлевічы, не пражыла ні дня. Бо нармальны чалавек у такіх умовах жыць не павінен, мяркуе Маргарыта.

«Тут каналізацыі круглы год няма, ні гарачай, ні халоднай вады, то бок калі лета – людзі ходзяць у калонку, набіраюць вады, мыюць бялізну таксама на вуліцы. Тут ракавіны няма…» – расказвае Маргарыта Хацеева.

Жудасны смурод у пад’ездзе, вільгаць і цвіль на сценах, адлупленыя шпалеры. Маргарыта, якая хварэе на астму, не можа прабыць у кватэры больш за 15 хвілінаў.

«Я як сірата стаю на паляпшэнне жыллёвых умоваў. На паляпшэнне ўмоваў, правільна? А тут іх няма. Гэта хлеў! У мяне тут ванну скралі – свіней кармілі з гэтай ванны. Тут наагул жыць няма дзе…» – абураецца жанчына.

Маргарыта Хацеева

Суседзі пацвярджаюць, што Маргарыта тут ніколі не жыла. Дый як тут жыць?

«Ну што, кароўнік! Які дом? Тут дах працякаў, усё цякло. Гадамі, гады чатыры ніяк яны гэта не рабілі», – кажа Павел, жыхар дому на Савецкай,5 у Якаўлевічах.

Цяпер Маргарыта Хацеева разам з мужам жыве ў свякрові ў Воршы. Да гэтага былі інтэрнаты і арандаваныя кватэры. А калі дзяўчына звярнулася да ўладаў з просьбай даць ёй чалавечае жыллё, аршанскі аддзел ЖКГ прыслаў ёй рахунак на аплату камунальных паслуг за кватэру – на суму 6 тысяч рублёў.

«Пры гэтым я не карысталася ні вадой, ні смецце не вывозіла, адзінае, што ацяпляюць тут, каналізацыі і вады тут няма, я імі не карысталася, а налічылі 6 тысяч даўгоў. За што я павінная плаціць? За капітальны рамонт, якога няма?..» – здзіўляецца жанчына.

Маргарыта сцвярджае: калі звярталася да мясцовых уладаў – яе проста «пасылалі». Сітуацыю з паляпшэннем жыллёвых умоваў для сіраты не сталі тлумачыць і «Белсату». Але загадчыца аддзелу ЖКГ Аршанскага райвыканкаму Алена Рагачова запрасіла дзяўчыну на размову.

«Я вам кажу, што Маргарыта Аляксандраўна вельмі добра бароніць свае правы самастойна, таму, калі ласка, хай прыходзіць, будзем абмяркоўваць, 115-ы кабінет, штодзень з 8:00 да 17:00», – паведаміла па тэлефоне журналісту «Белсату» чыноўніца.

Праваабаронца Павел Левінаў мяркуе, што мясцовыя ўлады абышліся з сіратой не зусім прыстойна і цяпер любымі сродкамі будуць старацца апраўдаць свае дзеянні. Таму звяртацца варта не толькі ў выканкам.

«Цяпер, калі ў яе не выйдзе развязаць пытанне на ўзроўні выканаўчай улады, я раіў бы ёй звярнуцца да дэпутатаў мясцовых саветаў, дэпутатаў парламенту. І ўрэшце ёсць у нас яшчэ Адміністрацыя прэзідэнта. Трэба выкарыстоўваць і гэтыя галіны ўлады», – раіць праваабаронца.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, летась у Віцебскай вобласці жыллёвыя ўмовы палепшылі 1800 чалавек. Аднак у чарзе па паляпшэнне стаяць яшчэ каля 65 тысяч сем’яў.

Зміцер Казакевіч, «Белсат»