Ад айцішніка да фермера – чыім групам ЦВК дазволіў збіраць подпісы?


Банкір, айцішнік, фермер, палітыкі ды актывісты. Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 15 ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва. Хто не прайшоў адбору ЦВК, а каму дазволілі ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, распавядзе Аляксандр Папко.

З 54 засталося 15. Столькі групаў для вылучэння кандыдатаў на прэзідэнцтва зарэгістравала Цэнтральная выбарчая камісія.

З заўтра подпісы змогуць збіраць Аляксандр Лукашэнка, бізнесоўцы Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала, апазіцыйныя палітыкі Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў, Вольга Кавалькова, экс-дэпутатка Ганна Канапацкая, кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, сацыяліст Сяргей Чэрачэнь, дэпутат Алег Гайдукевіч, фермер Юрый Ганцэвіч, актывіст Уладзімір Няпомняшчых і палітычныя навічкі, такія як Наталля Кісель ці Святлана Ціханоўская. Адзін з навічкоў – фронтмен гурта «Znich» Алесь Таболіч. Музыка хоча сыграць на кантрасце з іншымі прэтэндэнтамі.

«Я разумею, што тут вельмі шмат менеджараў, айцішнікаў, якія займаюцца эканомікай, палітыкай. А вось творчай інтэлігенцыі, якая якраз неабходная, каб ствараць нашую нацыянальную ідэю, яе там няма», – кажа музыка.

Айцішнік – гэта былы дырэктар Парку высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала. Журналістам ён заявіў, што выбары ў Беларусі не фальсіфікуюць, а сябе назваў не апазіцыянерам, а рэфарматарам.

«Трэба проста браць досвед найбольш паспяховых краінаў свету і яго выкарыстоўваць – гэтак сама як мы некалі досвед найбольш паспяховых тэхналагічных паркаў змаглі ўкараніць на тэрыторыі Беларусі», – перакананы Валерый Цапкала.

На тое, што галасы палічаць справядліва, спадзяецца былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка.

«Я лічу, што любыя выбары – гэта выяўленне волі народу. Волю народу фальсіфікаваць немагчыма», – заявіў бізнесовец.

А вось прадстаўніца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі заявіла, што выбараў у Беларусі няма. Групу яна рэгіструе не каб збіраць подпісы, а каб ладзіць пікеты.

«Нашыя патрабаванні – гэта адстаўка Лукашэнкі. Ён не мае права ўдзельнічаць у выбарах. Калі ён удзельнічае і ўдзельнічае Лідзія Ярмошына са сваімі сябрамі ўчастковай камісіі, то зразумела, што выбары будуць фальсіфікаваныя», – паведаміла Вольга Кавалькова.

Групы Сяргея Ціханоўскага Лідзія Ярмошына не зарэгістравала, бо «пратэставы» блогер адбываў арышт. Кандыдаваць вырашыла ягоная жонка Святлана. З Лідзіяй Ярмошынай у яе адбыўся наступны дыялог:

«У вас ёсць жаданне вылучацца кандыдатам у прэзідэнты або вы проста спарынг-партнёр?» – «Марыла пра гэта ўсё жыццё!» – «Стаць прэзідэнтам?» – «Так!»

Сярод 39 асобаў, якіх ЦВК да выбарчай гонкі не дапусціла, – больш за 20 паплечнікаў Мікалая Статкевіча, некалькі блогераў і адзін прыхільнік «русского мира».

«Улады паказваюць, што будуць жорстка спыняць тыя палітычныя сілы, якія будуць спрабаваць задзейнічаць вуліцу ў выбарчай кампаніі», – каментуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Здаць у ЦВК неабходныя для ўдзелу ў выбарах 100 тысяч подпісаў прэтэндэнты павінныя 19 чэрвеня.

Аляксандр Папко, «Белсат»