Ад 5 да 14 год. Першыя прысуды ў «макавай» справе


Менскі гарадскі суд агучыў першы прысуд па так званай «макавай» справе, па якой праходзяць больш за 40 чалавек. Сёння вынеслі рашэнне ў дачыненні да 17 асобаў. Пяцёх з падсудных вызвалілі ў залі суду. Астатнія атрымалі тэрміны ад 5 да 14 год.

Прысуд Менскага гарадскога суда сёння агучылі ў будынку суда Маскоўскага раёну. Апроч наркатычнага артыкулу 328, шмат якіх падсудных вінавацілі яшчэ ў стварэнні злачыннай арганізацыі ды ўдзеле ў ёй. Але гэта ў дачыненні некалькіх асобаў падчас паседжанняў так і не даказалі. Не даказалі паводле ўсіх выстаўленых артыкулаў і віны двух падсудных – Лагодзіча і Яўменчыка. Іх апраўдалі.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Вызвалілі і яшчэ траіх падсудных, бо пракурор адмовілася ад абвінавачання. Астатніх 12 чалавек суддзя Дзмітрый Цыкал адправіў у калоніі агульнага, строгага і ўзмоцненага рэжыму.

«Розныя тэрміны ад 5 да 14 гадоў пазбаўлення волі. У той жа час абвінаваўчы бок запытваў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 11 да 18 гадоў», – кажа пракурор Алена Крупеніна.

Па макавай справе праходзіць 41 чалавек. Іх вінавацяць у распаўсюдзе наркотыкаў, якія атрымліваюцца з насення і саломы маку. Гаворка ідзе пра пастаўкі ў Беларусь 14 тонаў макавай сумесі. Двух ключавых фігурантаў справы Ігара Сабалеўскага і Віталя Вакарава суд прыгаварыў да 14 гадоў пазбаўлення волі.

Аляксандру Таболіну, якому выставілі абвінавачанне, калі ён ужо быў за кратамі, паводле наркатычнага артыкулу 328, прысудзілі 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

«Я не прызнаю віны, гэта трэці прысуд ужо ў мяне. Паўсюль адпіскі ідуць фармальна. Мяне толькі з прычыны паказанняў, чалавек даў паказанні і пайшоў дадому. Не было ў мяне ўвогуле нічога, ні капейкі грошай пры сабе не было, я ўвесь час адбываў пакаранне», – абураецца падсудны Аляксандр Таболін.

Паводле сястры падсуднага, абвінавачанне супраць ейнага брата будуецца толькі на паказаннях сведкі:

«Яго ніколі ў жыцці не затрымлівалі ні з чым гэтым. Проста сказаў нейкі чалавек, што вось ён калісьці там ведаў гэтага вось чалавека – ну, Вакарава. Толькі праз тое», – кажа сястра Таболіна Марына.

Марына Таболіна і сваякі шмат якіх падсудных ужо заявілі, што будуць абскарджваць рашэнне суда. На гэты ў іх ёсць 10 дзён. Прысуду ў макавай справе чакаюць яшчэ 24 чалавекі.

Наста Кахановіч belsat.eu