Ад 100 да 500 долараў за пісталет ды аўтамат Калашнікава. Суд па справе аб незаконным гандлі зброяй


У Баранавічах распачалі разгляд чарговай справы аб незаконным гандлі зброяй, што належала вайсковай частцы. Як гэта стала магчымым, і ці вялікі страты прынесла сетка па продажы зброі?

У Баранавічах распачаўся суд над фігурантамі справы пра крадзеж і незаконныя дзеянні са зброяй ды боепрыпасамі. На лаве падсудных 10 чалавек. Следства цягнулася больш за год, матэрыялы справы склалі ажно 63 тамы.

Паводле следства, прынамсі з 2017 года вайсковаслужбоўцы выносілі зброю з часткі, а затым прадавалі яе ці перадавалі іншым для рэалізацыі. Гэтак, у Юрыя Марчанкі, які загадваў аддзелам матэрыяльнага забеспячэння вайсковай часткі 29946, неаднаразова набываў зброю былы працаўнік Баранавіцкага РУУС маёр Аляксандр Века. Кошт пісталета Макарава складаў ад 250 долараў, аўтамата Калашнікава – ад 500. Фігуруе ў справе нават карабін Мосіна.

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog:

«Гэта сведчыць аб правалах кадравай палітыкі, калі якіх туды нельга дапускаць. На камандзірскіх пасадах – людзі, якія не ў стане арганізаваць кантроль за добрасумленнасцю сваіх падначаленых. І гэта сведчыць аб вельмі дрэнным маральна-псіхалагічным стане ў беларускім войску».

Адзін з фігурантаў справы – 24-гадовы прапаршчык Дзмітрый Кульжык, які, паводле следчых, выносіў зброю з тэрыторыі часткі. Родныя Дзмітрыя ягоную віну катэгарычна адмаўляюць. Спадарыня Ларыса пра затрыманне сына даведалася толькі праз 5 дзён, калі да яе з ператрусам прыехала следчая група.

Ларыса Каберская, маці Дзмітрыя Кульжыка:

«Ён хадзіў у адпачынкі. Павінная быць рэвізія. Кожны раз склад мусіць перадавацца. Гэта не цацкі, гэта зброя. Чаму ўсё было добра, усё было роўна, а ўзялі яго толькі ў 2018 годзе? Проста пешку наперад піхнулі – і няхай адказвае».

Маці Дзмітрыя Кульжыка стала заўважаць незвычайныя рэчы ў паводзінах сына за год да затрымання: той быў у нервовым стане, для размоваў праз тэлефон заўжды выходзіў у іншы пакой. Аднак незаконнага ўзбагачэння Кульжыка ад меркаванага продажу зброі, паводле Ларысы Каберскай, заўважна не было:

«Жыў ён у дзяржаўнай кватэры, якую яму далі, службовай. Мэбля ў кватэры ўся мною купленая. Машыну, якая ў яго была, я дала. І тое, яна пасля недзе знікла, я не ведаю».

Сёлета ў траўні ў Баранавічах ужо судзілі двух чалавек за незаконныя дзеянні са зброяй. Адзін з асуджаных – палкоўнік, які набыў у другога фігуранта аўтамат Калашнікава і два пісталеты Макарава з патронамі да іх. Гэтая справа, як мяркуюць, – частка той, што разглядаюць цяпер.

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog:

«Трэба таксама рабіць нешта з вайсковаю контрвыведкай. Таму што гэта ўжо не першы выпадак, калі адбываюцца нейкія значныя рэзанансныя крымінальныя справы, звязаныя з вайсковаю сферай, і высвятляецца, што такія праблемныя сітуацыі існуюць ужо працяглы час, а вайсковая контрвыведка фактычна нічога не робіць».

Бліжэйшым часам суд будзе падрабязна разглядаць усе абставіны здзейсненага, наперадзе яшчэ допыт усіх сведкаў і абвінавачаных.

Зміцер Міцкевіч, фота ІА belsat.eu