Абяцанню Лукашэнкі пра $ 500 – 13 гадоў


Напярэдадні святаў і выбараў, падчас вялікіх прэсавых канферэнцыяў і выступаў – беларусы рэгулярна шмат гадоў запар чуюць абяцанне кіраўніка краіны пра $ 500.

Упершыню «па $ 500» Лукашэнка паабяцаў 13 гадоў таму

Аднак і сёння «святая лічба» не дасягнутая. Паводле актуальнай інфармацыі Белстату, у лістападзе сярэдні заробак па краіне склаў каля Br 840 ($ 420,11). Запаветныя ж пяць соцень бачылі толькі ў сталіцы. Што праўда, і там далёка не ўсе.

За лістапад сярэдні заробак знізіўся – на Br 4

А ад абяцанага Лукашэнкам у лістападзе паказніку, ужо не $ 500, але Br 1000, – адстае больш як на Br 150.

«Працягваецца стагнацыя. То бок мы не маем вялікага падзення, не маем вялікага росту. Тое ж самае адбываецца і з заробкамі. Калі мы паглядзім на рост ВУП за 2017 год, ён будзе каля 1,5-2 %. Рост рэальных заробкаў будзе адпавядаць росту ВУП», зазначыў Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду».

Усё яшчэ горш, чымся ў статыстыках

Сярэднюю тэмпературу па краіне, сярод іншых, выцягваюць кіроўныя пасады і сектар інфармацыйных тэхналогіяў. Айтышнікі, паводле звестак парталу «dev.by», у сярэднім сёлета зараблялі каля $ 1700 – амаль у пяць разоў больш, чым склаў сярэдні заробак за першыя дзесяць месяцаў года па Магілёўскай вобласці. Тут, паводле Белстату, людзі зарабляюць найменш – пасля Віцебскай вобласці.

Cкладанасць сітуацыі адлюстроўваюць і афіцыйныя звесткі аб сярэдніх даходах на асобу. Згодна з інфармацыяй пачатку снежня, 27,8 %) беларусаў жывуць на менш як Br 300 за месяц.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum