Абвінавацілі ў п’янстве і забралі дзіця без доказаў


Улады Беларусі працягваюць нібыта клапаціцца пра шчасце дзяцей. Але робяць гэта па-ранейшаму праз разбітыя сем’і ды слёзы бацькоў. Днямі нараўлянскія чыноўнікі дамагліся таго, каб у жанчыны адабралі ды змясцілі ў прытулак адзіную дачку. Прычына – нібыта злоўжыванне алкаголем. Стварэннем ці развязаннем праблемаў займаюцца беларускія чыноўнікі?

Таццяна Старажэнка з Нароўлі сем апошніх гадоў гадавала, выхоўвала ды клапацілася пра сваю дачку Дарʼю. Але з нядаўняга часу жанчына пазбавілася правоў на сваё дзіця – гэтак жа, як і самой Дашы: дзяўчынку змясцілі ў прытулак за тое, што маці нібыта злоўжывала алкаголем.

Таццяна Старажэнка кажа:

«Гэта было вельмі рэдка. У сямнаццатым годзе – тройчы, у васямнаццатым – адзін раз. У сувязі з тым, што ў мяне былі стрэсавыя сітуацыі, дапамогі чакаць няма ад каго, заробак – 150 рублёў. Нягледзячы на гэта, мая дачка была заўжды акуратная, ахайная, сытая, мела шмат цацак».

Абараніць дачку не было каму – муж Таццяны ўвесь час працуе ў Расеі. А таму суд Нараўлянскага раёну і пастанавіў 21 жніўня адабраць дзіця. Паводле рашэння, цяпер Таццяна можа бачыцца з уласнай дачкою толькі ў прытулку. Сямігадовая Даша не разумее, што адбываецца. Маці вымушаная казаць ёй, што тая адпачывае ў санаторыі.

Таццяна Старажэнка кажа, што органы кантролю ладзяць на яе сапраўднае паляванне: прыходзяць у кватэру, пільнуюць ля прытулку. Судовая ж справа пераважна грунтуецца на даволі сумнеўных, ананімных сведчаннях: маўляў, хтосьці калісьці бачыў жанчыну нападпітку.

«На судзе толькі адзін чалавек сказаў, што бачыў мяне ў нецвярозым стане. Мяне толькі адзін раз – у 17-м годзе – медычна агледзелі, а так – доказаў няма», – працягвае Таццяна Старажэнка.

Сама яна працуе санітаркаю ў Нараўлянскай лякарні. Кіраўніцтва ніякіх нараканняў не мае. Дык адкуль жа ўзяліся нараканні ў нараўлянскай камісіі ў справах няпоўнагадовых, якая магла «раскручваць» гэтую справу? Тэлефануем намесніку старшыні.

Міхаіл Шаўчэнка, намеснік старшыні нараўлянскай камісіі ў справах няпоўнагадовых, кажа, што не можа «даць інтэрв’ю», таму што «Белсат» не мае акрэдытацыі.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка кажа, што ў пагоні за выкананнем планаў чыноўнікі забываюцца ў тым ліку на закон. Маўляў, нельга абвінавачваць чалавека ў чымсьці – без доказаў.

«Гэта можа быць і забор крыві, і дыханне ў трубку. Адным словам, патрэбны адказ спецыяліста. Калі хтосьці сцвярджае, што вось, той бадзяецца, ці ў яго характэрны пах з роту, то гэта не так, бо магчыма, чалавек ужыў некія лекі медычныя», – тлумачыць Леанід Судаленка.

Таццяна Старажэнка мае намер абскардзіць нараўлянскае рашэнне ў Гомельскім абласным судзе. Ды ўпэўнена сцвярджае: дзіця, дзеля якога яна рабіла ўсё, мусіць быць з ёй.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu